Вялікі хакей вярнуўся ў Гродна. У першым матчы сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, 25 жніўня, каманда Сяргея Пушкова прымала на сваім лёдзе аўстрыйскую «Вену Кэпіталз». Асноўны час матчу скончыўся пры ліку 4: 4. Вырваць перамогу гродзенцы здолелі ўжо ў авертайме.

«Нёман» пачаў актыўна і ўжо на 28-й секундзе матчу адкрыў лiк. Праўда, на той момант каманда Сяргея Пушкова гуляла ў большасці. Дакладным кідком адзначыўся Андрэй Коршунаў. Далей на працягу ўсяго перыяду «Нёман» шмат разоў мог забiць, але брамнік гасцей быў непрабіўны. Не забіваеш ты, забіваюць табе. У самым канцы перыяду госці здолелі выйсці наперад.

Другі перыяд супернікі правялі практычна на роўных, за выключэннем актыўнай канцоўкі гродзенцаў. «Нёман» здолеў на 35-й хвiлiне закінуць, тым самым зраўняць лік. А праз 16 секунд нечакана для гаспадароў «Вена» зноў вышла наперад. Нягледзячы на намаганні каманды Сяргея Пушкова больш скарыць вароты гасцей ў другой дваццаціхвілінцы не ўдалося. У гэтым вялікая заслуга галкіпера праціўнікаў.

Трэці перыяд выдаўся вельмі відовішчным, відаць было, што каманды біліся да апошняга і гулялі толькі на перамогу. На 45-й хвіліне матчу «Нёман» у чарговы раз параўнаў лiк, а ўжо на 49-й выйшаў наперад. Здавалася б, гродзенцы здолеюць утрымаць пераможны лiк, але гэтага не адбылося. Аўстрыйцы забiлі на 52-й хвіліне. Асноўны час матчу скончыўся пры ліку 4:4. Згодна з рэгламентам Лігі чэмпіёнаў, быў прызначаны дадатковы час — 5 хвілін, або да першай шайбы. Гродзенцам спатрэбілася 1 хвіліна і 23 секунды, каб закінуць пераможную шайбу, аўтарам якой стаў Жыдкіх.

«Нёман» — «Вена Кэпіталз» 5: 4 (АВ) (1: 2, 1: 1, 2: 1, 1: 0)

Шайбы: 1: 0 — Коршунаў (Баярчук, С.Маляўка, 0.28 — бол.). 1: 1 — Шарп (Хольцапфель, 17.33 — бол. 4×3). 1: 2 — Полластроўн (Фрэйзер, 17.47). 2: 2 — Стэфановіч (Пасют, Дарафееў, 35.17 — бол.). 2: 3 — Клубертанц (Воз, 35.33). 3: 3 — Ляўша (Рэмезаў, 45.28). 4: 3 — С.Маляўка (Баярчук, 49.13). 4: 4 — Маккiрнан (Броклхерст, Тэсье, 52.20). 5: 4 — Жыдкіх (Пасют, 61.23).

Наступны матч у Лізе чэмпіёнаў «Нёман» правядзе таксама ў Гродне. 27 жніўня гродзенцы будуць прымаць швейцарскі «Цуг».