400 вернікаў з розных гарадоў Польшчы ўвечары 18 жніўня прыбылі ў Гродна ў межах 25-га штогадовага паломніцтва «Беласток-Гродна-Вільня». Раніцай наступнага дня да паломнікаў далучацца каля 100 гродзенцаў. Разам яны пройдуць да цудатворнай іконы Маці Божай Вострабрамскай, якая знаходзіцца ў Вільні.

Пілігрымка стартавала ў Беластоку 16 жніўня і працягнецца да 25 жніўня. Па дарозе паломнікі спяваюць рэлігійныя песні.

«Наша пешая пілігрымка праходзіць ужо ў 25-ы раз. Усе ідуць да Маці Божай Вострабрамскай, — распавядае паломнік Марыюш Калiцiнскi. — Такая традыцыя ў Польшчы існуе ўжо каля 300 гадоў. Існуе некалькi пілігрымак, але наша адзіная, якая праходзіць праз Беларусь. З кожным годам у пілігрымцы ўдзельнічае усё больш людзей. Гэта не абавязкова святары і манахіні, гэта звычайныя людзі. Прайсці такі вялікі шлях за некалькі дзён — гэта шчасце. Усіх гэтых людзей вядзе рэлігія».

"Усіх гэтых людзей вядзе рэлігія". 400 пілігрымаў з розных гарадоў Польшчы спыніліся ў Гродне
Пілігрымы з Польшчы ідуць у Гродне па вуліцы Суворава
З Беластока ў Гродна пілігрымы ішлі тры дні. Начавалі яны ў розных людзей, ніхто ім не адмаўляў у прыёме. У Беларусі з начлегам для паломнікаў таксама не паўстала праблем.

«У Гродне заўсёды ёсць людзі, якія прымаюць пілігрымаў у сябе на начлег. Паломнікі ў гэтым горадзе ніколі не начуюць па школах. Я шмат чуў, што гродзенцы іншы раз змагаюцца, каб прыняць паломнікаў у сябе», — дадаў Марыюш.

У суботу, 19 жніўня, у 8 раніцы паломнікі рушаць з Гродна. Яны пройдуць па вуліцах Сацыялістычнай, Маркса, Чырвонаармейскай, Пралетарскай, Азёрскай шашы, вёсках Путрышкі, Верцялішкі, Стрыеўка і Азёры.

Раніцай 20 жніўня з Азёраў вернікі накіруюцца ў Шчучынскі раён праз Астрыну ў Новы Двор. Траса 21 жніўня: Новы Двор — Забалаць (Воранаўскі р-н) — Радунь. 22 жніўня паломнікі перакрочаць беларуска-літоўскую мяжу. Фінішуюць паломнікі ў Вільні 25 жніўня.