У Гродзенскім заапарку 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, нарадзілася зубраня. Для мясцовага звярынца гэта гістарычная падзея, бо там у пасляваенныя гады не нараджаліся гэтыя жывёлы.

Самку Любаву з рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры» адмыслова прывезлі ў гродзенскі заапарк два гады таму. А вось самец Барыс у звярынцы ўжо каля 30 гадоў.

«Умовы для размнажэння мы стварылі яшчэ мінулым летам. Мы не ведалі, атрымаецца ў нас нешта ці не, — распавядае намеснік дырэктара Гродзенскага заапарка Віталь Гуменны. — Мы падазравалі, што самка цяжарная, але вылічыць дакладна было праблематычна. Цяжарнасць у зуброў доўжыцца год. Зубраня пачало выходзіць з вальера ўжо ўвечары 3 ліпеня. Зараз маленькая зубрыха на нагах трымаецца ўпэўнена, п’е матчына малако.

Намеснік дырэктара кажа, што ў пасляваенныя гады зубры ў Гродне не нараджаліся. У дакументах няма ніякіх запісаў пра гэта і старажылы звярынца такога не ўзгадваюць. Самае значнае для заапарка тое, што цяперашнія ўмовы, пасля рэканструкцыі, даюць магчымасць для размнажэння".

Як назавуць маленькую зубрыху яшчэ невядома. Імя будзе выбрана паводле міжнародных правіл, а менавіта паводле племянной кнігі. Гэта спрасціць працу навукоўцаў і спецыялістаў заапарка ў будучыні.

Ці застанецца жывёла ў гродзенскім заапарку, пакуль невядома. Вялікі вальер для зуброў у звярынцы разлічаны толькі на пару, таму маленькая зубрыха цалкам можа адправіцца ў новае месца.