Гродзенскі дальнабойшчык Стась Ільін напісаў кнігу-дзённік пра жыццё ў Амерыцы. Ян прэзентавалі 29 чэрвеня ў Цэнтры гарадскога жыцця. Сустрэча сабрала не толькі аматараў літаратуры, але і сям’ю ды знаёмых Стася – было цёплай і сямейна. Аўтар прысутнічаў на прэзентацыі праз Skype.

Стась жыве ў ЗША з 2007 года, прозу піша з 2008. Публікуецца ў перыядычных выданнях Беларусі, Украіны і ЗША. Яго дэбютная кніга “Ветровое стекло” аўтабіяграфічная. Галоўны герой – мужчына пад 30, які не знайшоў сябе, змяняе прафесію за прафесіяй і становіцца “дальнабоем”. Аповесць выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” накладам 500 экзэмпляраў.

– Кожны запіс у дзённіку – гэта замалёўка, або проста думкі пра жыццё на дарозе. У асноўным гэта паўнавартаснае апавяданне з сюжэтам і персанажамі, – кажа аўтар. – “Ветровое стекло” – гэта кніга аб Амерыцы вачыма беларуса. Таму хацелася б, каб чытач знайшоў у гэтай кнізе што-небудзь для сябе і пра Беларусь.

Дальнабойшчык з Філадэльфіі прэзентаваў у Гродне кнігу праз Skype

Меркаваннем падзялілася карэктарка кнігі Марына Шапялевіч:

– У кнізе цікава, лагічна пабудаваны аповед: аўтар трымае чытача. Сёння ў пісьменнікаў ёсць праблема: мастацкія сродкі вельмі патрапаныя, “заезджаныя”, існуе шмат штампаў. Мы з імі знаёмы: чытаеш кнігу і ведаеш, што ўжо 10 разоў гэта чытаў. А ў кнізе Стася вобразы арыгінальныя.

На прэзентацыі прысутнічала бабуля аўтара Данута Бічэль, якая высока ацаніла творчасць Стася. У словах паэткі адчуваецца гонар за ўнука.

Дальнабойшчык з Філадэльфіі прэзентаваў у Гродне кнігу праз Skype

– Мы, пісьменнікі майго пакалення, высмоктваем кнігі з пальца. Мы глядзім у вакно і пішам пра тое, што бачым. А ён напісаў кнігу свайго жыцця: выбраў усе складаныя моманты, якія ён перажыў. Кніга праўдзівая, яна перанасычаная рознымі фактамі. Мова яго – гэта мова шафёра, тэхнічнага чалавека, але яна нам зразумелая, – кажа паэтка.

Дальнабойшчык з Філадэльфіі прэзентаваў у Гродне кнігу праз Skype

Кніга неўзабаве з’явіцца ў гродзенскіх кнігарнях.