Сёлетні веламарафон «Суседзі» збярэ раварыстаў з Беларусі і бліжэйшага замежжа 15 ліпеня. Паўдзельнічаць у спаборніцтвах зможа любы ахвотны — трэба толькі ровар і шлем. Традыцыйна прапануюцца тры дыстанцыі - «Марафон» (65 км), «Паўмарафон» (39 км) і «Міні-марафон» (7 км). Пераможцы будуць вызначацца ў 36 заліковых катэгорыях і атрымаюць памятныя прызы і падарункі. Узяць удзел у марафоне могуць таксама каманды.

Веламарафон “Суседзі” пройдзе на Аўгустоўскім канале сёмы раз

Падлеткі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў могуць выйсці на старт пры наяўнасці распіскі ад аднаго з бацькоў (апекуна), дзеці да 14 гадоў - пры ўмове ўдзелу аднаго з бацькоў (апекуна). Таксама ў рамках мерапрыемства адбудзецца Дзіцячы велазаезд, на які запрашаюцца самыя маленькія спартсмены на бегавелах і роварах.

Акрамя спаборніцтваў, гасцей мерапрыемства будуць чакаць розныя забавы для дарослых і дзяцей, выязны гандаль і маляўнічыя ваколіцы Аўгустоўскага канала.


Веламарафон «Суседзi» праводзіцца з 2011 года і паспеў заваяваць папулярнасць у Беларусі і за яе межамі. У 2016 у веламарафоне «Суседзi» прынялі ўдзел больш за 700 чалавек. Арганізуюць спаборніцтвы Грамадскае аб’яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» сумесна з Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама.

Больш інфармацыі пра мерапрыемства і форму заяўкі можна знайсці на сайце ООВ «ВелоГродно» па спасылцы і на афіцыйных старонках веламарафону «Суседзi 2017» у FB і ВК.