Цэнтр развіцця і адпачынку «Партал» пашыраецца, а дапамагчы ў гэтым можа кожны. Праз краўдфандынгавую пляцоўку «Талака» можна ахвяраваць грошы на абсталяванне чацвёртага пакою ў цэнтры. У якасці падзякі - значкі, кубкі, сувеніры, абанементы ды іншае.
Цэнтр развіцця і адпачынку «Партал» — гэта антыкафэ, дзе праходзяць самыя розныя мерапрыемствы, адукацыйныя сустрэчы, трэнінгі і вечары настольных гульняў. Тут можна адзначыць Дзень нараджэння, папрацаваць, скарыстацца Wi-Fi. Тут працуюць клуб настольных гульняў, клуб англійскай мовы і чайны пакой, дзе можна прадэгуставаць і набыць чай. «Партал» актыўна супрацоўнічае з некамерцыйнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.
Развіццё «Партала» стрымлівае недахоп месца і абсталявання. Тут ёсць тры абсталяваныя пакоі, а ў чацвёртым акурат скончыўся рамонт. На мэблю і абсталяванне трэба 4000 рублёў - іх парталаўцы акурат плануюць сабраць з зацікаўленых гараджан. За першыя дні кампаніі ўдалося сабраць 3% - 150 рублёў.

На што яшчэ можна ахвяраваць грошы ў Гродне?
Краўдфандынг робіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. У Гродна зараз адначасова ідзе збор яшчэ на чатыры праекты. Што цікава, усе — культурніцкія.
Біг-Міні-Фестываль вулічных мастацтваў
Чарговы Фестываль вулічных мастацтваў пройдзе 29−30 ліпеня. З мясцовага канцэрту з адной пляцоўкай ён пераўтварыўся ў буйную падзею, якая збірае творчых асоб з усёй краіны. Фэст пройдзе шосты раз і будзе па традыцыі бясплатным.
Сёлета арганізатары плануюць зрабіць яго міжнародным і прыцягнуць у Гродна бязвізавых гасцей. Грошы патрэбныя, каб аплаціць дарогу замежным выступоўцам. Да 21 ліпеня трэба сабраць 11 130 рублёў. Пакуль сабрана 46 рублёў.
Беларускія ігральныя карты «Карты Лапіных»
Да 18 чэрвеня можна ахвяраваць сродкі на выданне беларускіх ігральных карт. «Карты Лапіных» — гэта рэканструкцыя карт, якія калісьці выдаваліся братамі Лапінымі на гродзенскай фабрыцы. Ідэя праекту ўзнікла ў творчага згуртавання «А-чатыры», калі на гарышчы будынка былой фабрыкі Лапіных былі знойдзены некалькі запыленых асобнікаў, надрукаваных там больш за 70 год таму. На рэалізацыю праекта сабрана 30%: 1015 рублёў з 3325.
Фестываль мыльных бурбалак
Першы ў Гродне Фестываль мыльных бурбалак можна падтрымаць да 15 чэрвеня. У праграме — масавы пуск мыльных бурбалак, выступленне танцавальных калектываў, аніматары, роставыя лялькі, кантактны заапарк, розыгрыш прызоў і падарункавых сертыфікатаў. Свята арыентавана на маленькіх гродзенцаў. Ініцыятар — гродзенскі фокуснік Мікалай Нардзі, які правёў шмат дзіцячых святаў і ведае, якое захапленні ў дзяцей выклікаюць бурбалкі. Каб свята адбылося, да 15 чэрвеня трэба сабраць 2 500 рублёў. Пакуль сабраны 1%: 15 рублёў.
Арт-Салата-2017
Гэта ўжо трэці пленэр, які праходзіць на базе сядзібы «Тры бабры» у вёсцы Салацце, што каля Парэчча. Сюды прыязджаюць вядомыя мастакі, дызайнеры і архітэктары каб ствараць арт-аб'екты з былых у выкарыстанні кабельных барабанаў, паддонаў і піламатэрыялаў, якімі потым упрыгожваецца вёска і яе наваколлі. У праграме — творчыя вечары Віктара Шалкевіча і Зміцера Вайцюшкевіча, самастойная праца спонсараў, правядзенне футбольнай сустрэчы, Купальскі вечар. Да 11 ліпеня трэба сабраць 5 500 рублёў. Пакуль ніхто не ахвяраваў грошы гэтай ідэі.