«Што з травой? Скасілі? Хто быў апошні, скіньце фоткі! Ого! Снарады крутыя, клас! Толькі што быў - ужо слупы стаяць!» - апошніх пару дзён не заціхаюць дыялогі ў групе актывістаў, што вырашылі абсталяваць у горадзе пляцоўку для выгулу сабак. Адкрыццё пляцоўкі адбудзецца ўжо 10 чэрвеня і хочацца, каб мерапрыемства парадавала гаражан. Тым больш, што паглядзець на вынікі працы гарадскіх актывістаў прыедзе і здымачная каманда з шоў «Горад». Гэта пляцоўка - «выпускны праект» удзелу ў ім гродзенкі Лены Майсюк.

Чытайце яшчэ:  У другім сезоне шоў “Горад” будуць удзельнічаць гродзенка Лена Майсюк і лідчанін Саша Аўдзевіч
Ідэя з абсталяваннем пляцовак для выгулу сабак у Гродне даўно ўжо вітала ў паветры.

youtu.be/YR_4eiaE-nA

Да гэтай пары ў горадзе, дзе колькасць толькі зарэгістраваных сабак перавышае 3 000, пляцоўка для выгулу была толькі адна. Аднак, каб зрабіць наступную, актывістам прышлося добра пастарацца. Да кіраўніка гарадской ЖКГ хадзілі штотыдзень, як на працу — абмяркоўвалі, якой мае быць сучасная пляцоўка. І нават прыёму ў старшыні гарвыканкама дабіліся, каб узгадніць упарадкаванне месца для выгулу сабак.

Каб распавесці гаражанам пра пляцоўкі і знайсці сярод іх аднадумцаў, гатовых далучыцца да каманды, правялі акцыю «баклажан».
Чытайце яшчэ:  “У баклажана грядка, а мне нужна площадка!” Да гаражан і ўладаў горада звярнуліся сабакі Гродна
Ад часу нараджэння ідэі да дня яе рэалізацыі прайшло няпоўных тры месяцы. На былым пустыры каля станцыі пералівання крыві на Вішняўцы ўжо абгароджана месца выгулу, усталяваны снарады для трэніроўкі сабак. А 10 чэрвеня актывісты запрашаюць мясцовых жыхароў і ўсіх ахвотных сабрацца тут, каб скончыць астатнія працы.

Сабакам выгул, а людзям свята. На Вішняўцы ўрачыста адкрыюць другую ў горадзе пляцоўку для сабак

Асноўная работа будзе звязана з абустройствам танэля з былых ва ўжыванні пакрышак. Таму будзе добра ўзяць з сабой рыдлёўкі.

Святочная частка імпрэзы распачнецца апоўдні і будзе трымацца наступнай праграмы:

12.00 — Урачыстае адкрыццё пляцоўкі, разрэзванне чырвонай стужкі

12.30 — Выпрабаванні новых снарадаў на пляцоўцы сабакамі. Першапраходцам пляцоўкі мае стаць аляскінскі маламут Осцін

12.30 — Побач з пляцоўкай — заняткі па гімнастыцы хаду для гасцей свята

13.00 — Усталяванне танэля з аўтамабілльных пакрышак

13.30 -Фрысбі з сабакам. Паказальны выступ

14.00 — дзеці малююць на асфальце. Тэма — сабакі ў горадзе

16.00 — другая сесія гімнастыкі хаду

16.30 — урачыстае закрыццё свята, планаванне на абсталяванне наступных пляцовак

Да імпрэзы далучацца сабакі, што разам са сваімі гаспадарамі працуюць у ратавальным кіналагічным атрадзе Чырвонага Крыжа. Усе яны добра сацыялізаваныя, таму спакойна дазволяць дзецям пагладзіць сябе.

Чытайце яшчэ:  Сабакі, якія ратуюць людзей. Як працуе ў Гродне валанцёрскі кіналагічны атрад
Нашы фатографы будуць фатаграфаваць ахвотных з сабакамі. Знайсці свае здымкі можна будзе па хэштэгу #сабакігродна.

Сабакам выгул, а людзям свята. На Вішняўцы ўрачыста адкрыюць другую ў горадзе пляцоўку для сабак

Дзеці змогуць пабавіцца з паветраным змеем ці пагуляць у фрысбі.

Найбольш актыўныя ўдзельнікі свята — як людзі, так і сабакі, атрымаюць падарункі - абанементы на некалькі бясплатных гадзін у антыкавярні «Партал», фірмовыя кубкі ад рэдакцыі Hrodna.life, сувеніры ад «Зялёнай сеткі», аўтарскія брошкі ў выглядзе сабак ад Веранікі Гайдэль.