Больш за 200 заявак ад гараджан з усёй Беларусі ва ўзросце ад 11 да 69 гадоў атрымалі арганізатары другога сезона шоў «Горад» — рэспубліканскага праекта па ўдасканаленні гарадоў. Ужо 29 сакавіка ў Мінску сустрэнуцца 20 аўтараў самых цікавых і пры гэтым рэалістычных праектаў. Кожны праект мае намер змяніць свой горад да лепшага. На шоў пад піліным вокам тэлекамер пачнецца барацьба за галоўны прыз.

Актывісты з розных гарадоў хочуць змяніць іх аблічча — ад добраўпарадкавання двароў, паркаў, ці спартыўных пляцовак, да такіх арыгінальных ідэй, як стварэнне «смеццевых галерэй» або сеткі пераразмеркавання выкінутых супермаркетамі прадуктаў.

Удзельнікі з Гродзеншчыны таксама прапанавалі да вырашэння актуальныя праблемы.

Лена Майсюк прапануе абсталяваць у Гродне пляцоўкі для выгулу сабак, каб зрабіць горад больш сяброўскім для ўсіх — гаспадары сабак атрымаюць магчымасць выгульваць і вучыць пітомцаў у прыстасаваных умовах, а раварысты, пешаходы і дзеці змогуць не апасацца суседства з сабакамі ў гарадскім асяроддзі.

У падрыхтоўцы Лены да ўдзелу ў конкурсе брала ўдзел цэлая каманда аднадумцаў. Тых, хто гатовы надалей працаваць над рэалізацыяй задумкі, незалежна ад вынікаў шоў. Hrodna.life таксама сярод іх. Каб распавесці журы пра свой праект мы разам знялі відэа.

Саша Аўдзевіч, кіраўнік Асацыяцыі інвалідаў вазочнікаў Ліды, прапануе зрабіць пляжную зону ў горадзе дасяжнай для інвалідаў-вазочнікаў.

Абодва ўдзельнікі другога сезона неаднаразова былі героямі ці экспертамі нашых ранейшых матэрыялаў. Мы пісалі, як Лена з сяброўкай з’ехалі ў вёску, каб весці больш экалагічны лад жыцця. Разам з «Зялёным дазорам» мы ратавалі ад пашкоджанняў і знішчэння дрэвы ў горадзе.

«Панаехалі» па-гарадзенску: як дзве дзяўчыны кінулі горад, купілі дом у вёсцы і жывуць у згодзе з сабою

[irp posts="14 061″ name="Ахова прыроды прыпыніла спілоўку дрэваў на Тэлеграфнай"]

За Сашам Аўдзевічам мы сачылі пад час яго падарожжаў на хэндбайку, таксама пісалі пра серыю фільмаў, у якіх Саша з камандай здзяйснялі жаданні маладых людзей з інваліднасцю.

«Жыццё ў прапанаваных абставінах». Саша Аўдзевіч расказвае пра падарожжа да Балтыкі на хэндбайку

«Не такая сацыялка». Як інвалід-вазочнік з Ліды здзяйсняе мары — свае і чужыя

Арганізатары абяцаюць, што новы «Горад» будзе сапраўдным шоў і дасць магчымасць кожнаму самастойна змяніць гарадскую прастору да лепшага. Найбольш цікавыя праекты атрымаюць фінансаванне на рэалізацыю. Гран-пры шоў-праекта — паездка ў Бразілію, на якую можа прэтэндаваць абсалютна кожны ўдзельнік.

Для ўдзельнікаў прыгатаваныя розныя выпрабаванні, якія пакуль трымаюцца ў сакрэце. Пасля вочнага этапа будзе адабрана шэсць удзельнікаў. Яны адправяцца дадому выконваць хатнія заданні. Экспертам і кансультантам будзе для іх Георгій Заборскі - архітэктар, футуролаг, спецыяліст па гарадскім развіцці. Па выніках выканання хатніх заданняў тры лепшыя удзельнікі атрымаюць фінансаванне сваіх праектаў.