Яшчэ месяц таму на пляцоўцы паміж чацвёртай бальніцай і будоўляй гандлёвага цэнтру была пустка. Зараз — тут лесвічкі, бар’еры, лабірынты ды іншыя прыстасаванні для трэніроўкі сабак. Каб захаваць чысціню, на пляцоўцы ўсталявалі урны. А ўваходы прадугледзелі на трох баках пляцоўкі ў месцах, куды вядуць сцежкі.

Гэта — новая, другая ў горадзе, пляцоўка для выгулу сабак, будаўніцтва якой ініцыявалі гарадскія актывісты. Урачыстае адкрыццё пляцоўкі - з музыкай, конкурсамі, новымі знаёмствамі і здымкамі для шоў «Горад» прайшло 10 чэрвеня.

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
На адкрыцці пляцоўкі для выгулу сабак на Вішняўцы сабралася валанцёрская каманда, мясцовыя жыхары і здымачная група шоў «Горад»

Першы раз, як у першы клас

Пра тое, што на пляцоўцы будзе адбывацца свята, жыхары Вішняўца, што маюць сабак, ужо ведалі. За апошні месяц не аднойчы яны сустракалі тут актывістаў, што разам з работнікамі ЖКГ даводзілі пляцоўку да ладу. Многія з мясцовых і самі далучыліся да ініцыятыўнай групы — дапамагалі ў працы. А выходнымі прышлі на адкрыццё пляцоўкі з сем’ямі і сябрамі.

Гаспадары хваляваліся не менш за сваіх гадаванцаў - а раптам сабака спалохаецца і не атрымаецца ўзяць перашкоды? І праўда, першыя крокі па дошцы, усталяванай над зямлёй, ці горцы з прыступкамі даваліся не проста. Але ўжо з другога ці трэцяга разу сабакі лёгка іх бралі.

Столькі ўсяго!

«Тут столькі ўсяго змясцілася! — не хавае радасці Паліна Герынг, што прыйшла на пляцоўку з цвергпінчарам Гойдам. — Мы займаемся кожны дзень, бо сабаку трэба некуды выплёскваць сваю энергію. Ужо зараз Гойд можа пераскочыць перашкоду да 80 сантыметраў ці заскочыць на метровую вышыню. Ён хутка вучыцца і ведае шмат каманд. Як падрасце, будзем з ім удзельнічаць у спаборніцтвах. А пляцоўка — шыкоўная!»

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Паліна Герынг і цвергпінчэр Гойд узялі сваю першую вышыню і атрымалі першы ў жыцці прыз — фірмовы кубак ад Hrodna.life
Мара Паліны аб спаборніцтвах пачала збывацца адразу. У арганізаваным на пляцоўцы конкурсе яны з Гойдам атрымалі першую ўзнагароду — фірмовы кубак ад Hrodna.life.

«А мая Молі - трусішка, — расказвае Ліза Садомцава. — Можа лапу падаваць ці ісці побач. А больш нічога не ўмее. У такой кампаніі яна першы раз. Хачу навучыць яе пары трукаў і буду хадзіць сюды займацца».

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Для Молі, каторую прывяла на пляцоўку Ліза, гэта магчымасць засвоіць новыя ўменні

Атракцыі для дзяцей

Не прыйшлося сумаваць і дзецям, каторыя прышлі на свята да сабак. Ім прапанавалі стварыць стрыт-арт карціну на самым высокім бар’еры. Кожны, хто маляваў, атрымаў у падарунак керамічны кулон-сабачку. Гэтыя ўпрыгожванні таксама зроблены рукамі валанцёраў. Стварылі іх Вераніка Гайдэль і керамісты браты Ражко.

Не менш захапляльным «атракцыёнам» для дзяцей была магчымасць пагладзіць сабак. Для сабак гэта таксама важна — навучыцца ўспрымаць увагу да сябе ад чужых людзей. «Сабакі жывуць у горадзе, вакол людзі і яны павінны быць сацыялізаванымі, умець спакойна рэагаваць на такія знакі ўвагі, каб людзі маглі адчуваць сябе бяспечна»? — тлумачыць Аляксей, пакуль дзяўчынка гладзіць яго вялікага бульдога. А для сабак з ратавальнага атрада Чырвонага Крыжа такія задачкі ўвогуле звыклыя. Усе яны працуюць не толькі ў пошуку людзей, але і ў рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю і ўмеюць спакойна рэагаваць на дотыкі незнаёмых.
“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Сабакі валанцеры Альфа (справа) і Шэры віншуюць адна адну з адкрыццём пляцоўкі

Свята для працы і адпачынку

Знайшліся сярод гасцей і ахвотныя папрацаваць — трэба было скончыць будаўніцтва лабірынта і пафарбаваць яшчэ некалькі снарадаў. Шмат часу правёў тут з рыдлёўкай Мікіта. Разам з бацькам Андрэем Марозам і лабрадорам Гердай яны прышлі на пляцоўку, бо жывуць непадалёку. «Казаў, усім сябрам будзе расказваць, што сам гэты лабірынт збудаваў», — усміхаецца Андрэй у бок сына, што завіхаецца за працай.

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Андрэй Мароз кажа што сыну Мікіту (злева) больш за ўсё спадабалася будаваць лабірынт. Амаль увесь час свята ён правёў з рыдлёўкай, дапамагаючы валанцёрам
Навучыцца новаму маглі на адкрыцці пляцоўкі не толькі сабакі. Для гасцей свята арганізавалі фітнэс-трэніроўку. Таксама зрабіла падарункі камандзе і Лена Майсюк — яна займаецца гравіроўкай па шклу і падаравала гравіраваны імянны слоік кожнаму з удзельнікаў каманды валанцёраў.
“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Падарункі, зробленыя сваімі рукамі, атрымалі ад удзельніцы шоў «Горад» Лены Майсюк усе актывісты, што «прабівалі» гэту пляцоўку

Магчыма толькі разам

У Гродне разам з удзельніцай шоў Ленай Майсюк працавала не толькі каманда валанцёраў. Без падтрымкі з боку гарадской ЖКГ і асабіста кіраўніка Андрэя Хмеля пабудаваць пляцоўку было б немагчыма — упэўнены актывісты. Таксама як і без падтрымкі мясцовых прадпрыемстваў. Падключыцца да электрычнасці, каб забяспечыць імпрэзу музыкай, дазволіла кіраўніцтва «TRINITI», з набыццём матэрыялаў дапамаглі «Ёлкі-палкі» і «Белзабор».

«Прыемна, калі людзі ідуць насустрач. Гэта дае адуванне, што горад сапраўды наш, што гаражане таксама могуць вырашаць, у які бок і якім чынам яму развівацца, — распавядае Лена. — Гэту пляцоўку мы зрабілі ўсе разам, для ўсіх ахвотных. Карыстайцеся, гэта для вас!»

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Лена Майсюк за хвіліну ла пераразання чырвонай стужкі на адкрыцці пляцоўкі


Увесь час імпрэзы на пляцоўцы разам з актывістамі працавала і здымачная група шоў «Горад». Зараз яны вядуць здымкі фінальнальных эпізодаў з другога сезона шоў і правяраюць, як удалося ўдзельнікам выканаць дамашняе заданне.

“Карыстайцеся, гэта для вас!” На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак
Сабакі Гродна вітаюць здымачную групу шоў «Горад»