Уладальнік палаца «Санаторый «Азёрны», падшэфная арганізацыя Нацбанка, анансаваў адкрыццё ў палацы новай гасцініцы з працэдурамі. Ужо ідуць працы ўсярэдзіне будынка, пададзены заяўка на фінансаванне ў межах праграм трансгранічнага супрацоўніцтва, піша «Перспектыва».
Работы па сядзібе пачаліся каля пяці гадоў таму. У маёнтку уладкавалі паркавую зону і вадаёмы. Але апошнім часам на будпляцоўцы назіралася зацішша. Ва ўласніка не было сродкаў, каб працягнуць рэканструкцыю.
Будаўнікі вярнуліся ў Свяцк у пачатку 2017 года. Падрадчыкам выступае «Гроднажылбуд». Будаўнікі ўжо завяршылі работы ў падвалах палаца, умацавалі падмурак і правялі яго гідраізаляцыю. На аб’екце зрабілі каналізацыю, пракладваюць электрасеткі. У самім будынку памянялі перакрыцці і дэмантавалі старыя элементы.
Праект па рэканструкцыі, складзены УП «Праектрэстаўрацыя» больш за пяць гадоў таму, налічваў пяць тамоў даследчых работ. Праекціроўшчыкі вывучалі архіўныя дакументы, каб у чарцяжах аднавіць гістарычнае аблічча палаца, які пабудаваў князь Юзаф Валовіч ў XVIII стагоддзі. Аднак за гэты час праект састарэў, яго адправілі ў ААТ «Белрэстаўрацыя» на «пераацэнку» каля паўтары гады таму. Праўда, эксперты марудзяць з адказам, і гэта зацягвае тэрміны рэстаўрацыі.
Будаўнікам трэба будзе аднавіць фасады, ачысціць сцены і столі ад пласта тынкоўкі, замяніць падлогі, выканаць падводку інжынерных сістэм.
Дарэчы, надбудову трэцяга паверха вырашылі пакінуць пасля доўгай перапіскі з гісторыкамі, якія першапачаткова расцанілі мансарду як «новодел» савецкай эпохі.
Свяцк-2013: Некампетэнтнасць пад выглядам рэстаўрацыі
У антычных залах другога паверха будынка захаваліся аўтэнтычныя каміны, сцены з раскошнай ляпнінай, люстра, драўлянае аздабленне вялікіх вокнаў і дэкарацыя дзвярэй. Як паведамлялася раней, у залах плануецца ўзнавіць убранне з мэбляй з масіва.
Сёння ўсе работы па рэстаўрацыі вядуцца за кошт уладальніка. Праўда, у палаца ёсць шанец атрымаць на гэтыя мэты мільён еўра. Праект удзельнічае ў конкурсе па праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва тэхнічнай дапамогі ЕС «Латвія-Літва-Беларусь» і «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014−2020 гады". Гродзенскі райвыканкам падпісаў адпаведны пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў 2016 годзе.
Як распавяла вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Ірына Голубева, канцэпцыя праекта прайшла ў фінал конкурсу і цяпер журы ацэніць яго пакрокавую рэалізацыю. Вынікі стануць вядомыя да канца года.
Гэта магло б значна паскорыць работы. Пакуль планы па тэрмінах здачы аб’екта ў эксплуатацыю адміністрацыя санаторыя «Азёрны» не выдае.