200 замест 300 злотых павінен будзе выдаткаваць іншаземец у Польшчы, каб мець магчымасць падаць заяву на вяртанне ПДВ, піша radyjo.net.
Міністэрства фінансаў апублікавала праект пастановы, якая зніжае мінімальны кошт пакупак і дае права на вяртанне ПДВ. Прычына? Пасля павелічэння мінімальнай сумы да 300 злотых у мінулым годзе скараціўся абарот малых, сямейных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у сістэме «tax free», — патлумачыла Мінфін.
Новая пастанова ўвойдзе ў сілу 1 чэрвеня 2017 года.
З чэрвеня, каб падаць заяўку на вяртанне падатку ПДВ, падарожнік павінен мець з сабой квітанцыю мінімум на 200 злотых.
Дырэктывы ЕС вызначаюць, што вяртанне падатку можа прымяняцца для замежніка звонку ЕС, які выдаткуе ў краіне ЕС 175 эўра або эквівалент гэтай сумы ў нацыянальнай валюце. Тым не менш, дзяржавы-чальцы маюць магчымасць знізіць гэтую суму. І гэтай магчымасцю карыстаецца Польшча.