Мінскі скульптар Сяргей Аганаў быў здзіўлены, калі яму патэлефанавалі і сказалі, што яго праца перамагла ў конкурсе эскізных праектаў на стварэнне помніка Давыду Гарадзенскаму. На конккурс майстар адпраўляў дзве працы — тая, якая выйграла, была цалкам уласнай ініцыятывай, зробленай для ўласнага задавальнення.

Працы Сяргея Аганава ёсць у розных гарадах Беларусі. З вядомых: у Мiнску — войт, у Слуцку — Анастасія Слуцкая.

«Шчыра, для мяне было каласальна нечакана, калі мне патэлефанавалі і сказалі, што мой праект перамог. — кажа Сяргей. — Я выстаўляў два праекты, адзін для вырабу з бронзы, другі творчы з граніту. Апошні рабіўся проста ў сваё задавальненне і я быў упэўнены, што гэты праект не пройдзе. Але, сябры камісіі вырашылі абраць менавіта яго».

"Для мяне Давыд Гарадзенскі - сімвал скалы і крэпасцi". Скульптар Сяргей Аганаў пра свой пераможны праект
Другая прапанова Сяргея Аганава
Са слоў майстра, гранітны помнік з аднаго вялікага кавалка зрабіць не атрымаецца. Прыйдзецца рабіць з састаўных частак. Сяргей лічыць што і ў гэтым ёсць свае плюсы.

«Для мяне Давыд Гарадзенскі гэта сімвал скалы і крэпасцi. Мне хацелася б, каб ён менавiта так i выглядаў. Хацеў, каб скульптура была сілуэтная — гістарычны вобраз у сучасным пераасэнсаваннi. Падобныя работы ёсць у літоўскіх аўтараў, якім я сімпатызую».

Пра тэрміны выканання помніка Давыду Гарадзенскаму ў Гродне майстар пакуль казаць не можа, бо яму трэба будзе яшчэ прайсці праз шэраг узгадненняў спецыяльнага савета.

«Работы яшчэ вельмі шмат: трэба зрабіць мадэль, а пасля займацца асноўнай працай. Рубка ў камені можа заняць каля 2−3 месяцаў, на падрыхтоўчыя працы таксама сыдзе шмат часу».

Помнік у будучыні павiнен будзе размесцiцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага.

[irp posts="18 909″ name="У Гродне выбiраюць лепшы праект помнiка Давыду Гарадзенскаму"]

Нагадаем, усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац, з іх чальцам камісіі трэба было выбраць адзiн лепшы праект. Імёны аўтараў праектаў сябры камісіі не ведалі. Галасаванне прайшло ў адкрытай форме. Толькі пасля выбару лепшага эскіза члены камісіі адкрылі канверт, дзе i было прозвішча Сяргея Аганава.