Група мінскіх турыстаў у адныя з сакавіцкіх выходных адправілася ў паход, каб наведаць гродзенскія фарты і закінуты аэравакзал. Свае прыгоды мінчукі здымалі на відэа, якое апублікавалі ў пачатку красавіка.

Гэта быў не першы паход турыстаў у раён гродзенскіх фартоў. Адзін з арганізатараў, Аляксандр, ужо там быў і вырашыў вярнуцца з сябрамі.

«Для групы такі паход — у першую чаргу адпачынак для душы ад працы і гарадской мітусні. Важна было выехаць за горад выветрыцца, размяць ногі, пасядзець ля вогнішча, забыць аб звычайных праблемах у сталіцы.

У першым паходзе, яшчэ два гады таму, уразіў больш за ўсё сёмы форт, бо я нават не чакаў убачыць нешта падобнае да пячор. Як аматара фатаграфіі мяне гэта ўразіла, і я падумаў - чаму б не зрабіць паўнавартасную серыю відэа пра гэтыя мясціны? Мэта відэа — паказаць, як праходзяць паходы выхаднога дня нашага турыстычнага клуба, і паказаць падарожнікам-пачаткоўцам адну з унікальных гістарычных мясцін Беларусі. Я хадзіў ў многія паходы па Беларусі і раней паўнавартаснага фільма пра нашы падарожжы не было».

Аляксандр лічыць, што не заўсёды варта ехаць кудысьці за мяжу, каб атрымаць асалоду ад цікавых мясцін. Хлопец кажа, што ў Беларусі яшчэ шмат загадкавых месцаў, дзе павінен пабываць кожны.

«Па-першае, гэта трэба, каб пашыраць свой кругагляд. Нават, калі камусьці страшна залазіць у самі катакомбы, чалавек можа агледзець гэта месца звонку, пачытаць артыкулы, паглядзець відэа і наведаць гэтае месца з мясцовымі гідамі або аматарамі актыўнага адпачынку. Па-другое, крута ж выбрацца і пахадзіць, або на ровары пакатацца, чым на канапе сядзець, і сумясціць гэта яшчэ з наведваннем незвычайнага месца. Па-трэцяе, у такіх паездках вывучаеш гісторыю краю, я, напрыклад, калі ў школе вучыўся, то нават і не ведаў пра існаванне такіх фартоў».