Трэці тыдзень ідуць рамонтныя работы ля падножжа Каложы. Будаўнікі працуюць з падпорнай сцяной ліквідуюць у ёй сур’ёзныя расколіны і вялікія паглыбленні, якія ўзніклі там з гадамі з-за сцёкавых вод.

Па арганізацыі вадасцёку вяліся работы яшчэ ў мінулым годзе, але тады ўсё зрабіць працоўныя не паспелі, таму працягваюць у гэтым. Настаяцель храма Аляксандр Балоннікаў адзначае, што асноўныя работы з падпорнай сцяной павінны зрабіць да Пасхі.

«Умацоўваем, рамантуем, але асноўныя работы звязаны з адведзеннем вады. Што тычыцца сцяны, то займаемся ўмацаваннем яе дэкору. Там пастаянна сыплецца раствор і вывальваюцца камяні. Усе працы з гэтай падпорнай сцяной мы робім па рэкамендацыі прафесараў БНТУ, якія праводзілі комплекснае абследаванне Каложы яшчэ ў 2015 годзе. На будучыню глядзець яшчэ рана, галоўнае цяпер з пастаўленымі задачамі справіцца, бо гэта ж каштуе немалых грошай».

Адна з расколін на падпорнай сцяне
Адна з расколін на падпорнай сцяне
Зараз будаўнікі разлічваюць на два месяцы работ. Працоўным трэба не толькі ліквідаваць расколіны, але і стварыць спецыяльныя латкі, па якім вада магла б бесперашкодна сцякаць з даху царквы на схіл і пры гэтым не размываць яго.

Прыхаджане ў сваю чаргу паволі пачынаюць умацоўваць схіл хмызнякамі і невялікімі дрэвамі.

Акрамя праблемнага схілу і падпорнай сцяны, ёсць праблемы і з самім храмам, а менавіта з драўлянай яго часткай. Нагадаем, апошні раз рэстаўрацыю Каложы абмяркоўвалі на навукова-практычнай канферэнцыi ў Гродне восенню 2016 года. Тады спецыялісты прыйшлі да меркавання, што рэстаўраваць храм трэба, але з гэтай справай спяшацца нельга.

Даведка

Барысаглебская (Каложская) царква — архітэктурнае збудаванне XII стагоддзя, якоя захавалася да нашых дзён. Храм размешчаны на высокім беразе Нёмана. Разам з комплексам помнікаў Замкавай гары Каложа аб’яўлена гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Уваходзіць у лік аб’ектаў, прапанаваных урадам Беларусі ў якасці кандыдатаў на ўнясенне ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
1