Да 180-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага гродзенскі гісторык Васіль Герасімчык падрыхтаваў да выдання біяграфію знакамітага паўстанца. Кніга падсумуе вынікі даследванняў, што аўтар вёў з 2010 года. Яна будзе ўтрымліваць 220 старонак тэксту і 20 ілюстрацый і выйдзе накладам 300 экзэмпляраў. Грошы на выданне аўтар збірае праз краўдфандынгавую пляцоўку «Талака». Апошні раз біяграфія Каліноўскага выдавалася 30 гадоў таму.

Кніга «Канстанцін Каліноўскі: Асоба і Легенда» будзе ўтрымліваць цікавыя гістарычныя знаходкі, што выяўлены пры аналізе архіўных крыніц, факты, што раней заставаліся па-за ўвагай даследчыкаў і звесткі з генеалогіі сям'і Каліноўскіх. Зборам інфармацыі аб героі даследвання Васіль Герасімчык займаўся ў межах працы над магістарскай дысертацыяй, што была прысвечана вывучэнню асобы Каліноўскага ў расійскай, польскай і беларускай гістарыяграфіях і змене яго вобраза за апошнія 150 гадоў.

Таксама ў гэты час выйшаў шэраг артыкулаў Васіля Герасімчыка пра Каліноўскага ў газетах «Наша н**а», «Новы час» ды шэрагу іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Цалкам даследванню паўстання гісторык прысвяціў каля 100 тэкстаў.

[irp posts="9793″ name="Новую кнігу прафесара Шведа пра паўстанне 1863 года выдадуць з дапамогай краўдфандынгу"]

Сучасная запатрабаванасць Каліноўскага, што стаў «своеасаблівым брэндам Айчыннай гісторыі», патрабуе аддзялення «шалупіння ад рэальных фактаў яго жыцця», — мяркуе гісторык.

Атрымаць кнігу зможа кожны, хто зробіць перадаплату на выданне ў памеры 10 рублёў. Для ўсіх, хто дапаможа праекту, прадугледжаны шэраг прыемных бонусаў і падарункаў.


Нагадаем, там жа, на платформе «Талака», збірае грошы на выданне кнігі «Рэквіем паўстанцам 1863 — 1864 гг. (Гродзенская губерня)» яшчэ адзін гродзенскі гісторык — прафесар Вячаслаў Швед. Да канца збору яму застаецца 41 дзень, сабрана ўжо 65% ад патрэбнай сумы.