Не сціхаюць спрэчкі паміж жыхарамі горада, эколагамi і камунальнымі службамі, якія ў масавым парадку будуюць новыя пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў. Эколагі кажуць што ў спешцы можна нашкодзіць не толькі прыродзе, але і людзям. Камунальнікі ж проста выконваюць працу, якую ім ставяць начальнікі.
[the_ad id=”16085″]
Апошнім часам эколагам часцей сталі паступаць на “зялёны тэлефон” паведамленні аб тым, што ў тым ці іншым раёне горада спілоўваюць дрэвы, будуючы кантэйнерныя пляцоўкі.
“Вельмі заўважна непрафесійнае стаўленне работнікаў. Яны парушаюць уласныя рэгламенты правядзення работ, парушаюць уласныя інструкцыі і ствараюць праблему на пустым месцы, – кажа Яўген Філімонаў, прадстаўнік «Зялёнага дазору» ў Гродне. – Пытанне асобнага збору смецця – глабальная тэма. Тыя крокі якія ў нас ужо зроблены: будаўніцтва смеццесартавальнага завода, пляцовак – гэта толькі першыя крокі. Але гэта не рашэнне ўсёй праблемы і калі на першых кроках робяцца такія вось памылкі, то што будзе далей?”

Яўген кажа, што арганізацыі, якія гэтым займаюцца, павінны ствараць сабе станоўчы імідж, сёння ж яны робяць яго адмоўным. Маўляў, калі яны пачнуць прасіць людзей сартаваць смецце, пераканаць кагосьці будзе вельмі цяжка, бо пачалося ўсё з негатыву.
Рашэнне прадстаўнік “Зелёнага дазору” бачыць у тым, каб службы пайшлі на дыялог з жыхарамі раёнаў, дзе усталёўваюць пляцоўкі.
“Калі службы хочуць спілаваць дрэва, якое каштоўнае для жыхароў раёна, то абавязкова трэба пра гэта паведаміць, расклеіць абвесткі, пагутарыць з мясцовымі і сказаць, чым яго можна ў будучыні замяніць. Мы, як эколагі, гатовыя сустрэцца са службамі і пагутарыць з імі, нешта параіць. Трэба зняць градус напружанасці” , – дадаў Яўген.
Жыхары могуць звяртацца ў ЖКГ
У ЖКГ гатовыя да дыялогу з незадаволенымі жыхарамі, але толькі да абгрунтаванага. Прыкладам можа паслужыць пляцоўка на вуліцы Гая, дзе жыхары сталі збіраць подпісы супраць будаўніцтва і высечкі дрэў. Размаўляць з мясцовымі ездзілі прадстаўнікі гарвыканкама і ЖКГ. Зараз разглядаецца пытанне аб пераносе пляцоўкі.

“Пры праектаванні пляцовак у горадзе мы ўлічвалі адлегласць пад’ездаў, дзіцячых пляцовак, усе санітарныя нормы, наяўнасць каналізацыйных сетак, – кажа намеснік генеральнага дырэктара гарадскога ЖКГ Сяргей Сямашка. – Пытанні, якія тычацца сітуацый з жыхарамі, мы стараемся ўрэгуляваць”.
Калі дзесьцi перашкаджае дрэва і яно жывое, Зелянбуд гатовы выкопваць і пераносіць яго ў іншае месца, кажа Сямашка. Калі дрэва сухое і аварыйнае, яго спілуюць.
Дырэктар ЖКГ адзначае, што калі кантэйнерныя пляцоўкi разлічаны на 2-4 дамы, то, натуральна, прыходзяць жыхары аднаго з іх і выступаюць з прэтэнзіямі: чаму пляцоўка робіцца менавіта ля іх дома?
Сяргей Сямашка адзначыў, што калі ў гродзенцаў будуць пытанні па пляцоўках, то яны могуць смела звяртацца ў ЖКГ: іх там выслухаюць і разбяруцца. Таксама ён адзначыў, што скаргі перадусім павінны быць абгрунтаваныя. Маўляў, ніхто не выходзіць проста і не пратэстуе проста так, бо кантэйнеры ім не патрэбныя.


