У сакавіку ў падвалах былога кляштара кармелітаў запрацуе рэстаран «Дукат». Ён адкрыецца замест вядомай раней у Гродне «Вены». Пакуль там яшчэ вядзецца рамонт, неўзабаве ўладальнік абяцае парадаваць гараджан адкрыццём.

Нагадаем, рэстаран «Вена» закрылі на вялікі рамонт у 2016 годзе. У канцы года стала вядома, што ў старых падвалах будзе іншая ўстанова.

«Дукат — гэта грашовая адзінка, а паколькі побач банк, то мы вырашылі абраць менавіта гэтую назву. Мы ведаем гісторыю гэтых старых падвалаў і паспрабуем даць ім новае жыццё. Для нашага горада гэта вельмі важна выкарыстоўваць такія месцы, якія прасякнуты гісторыяй. Інтэр'ер рэстарана мы моцна змяняць не будзем, скляпеністыя столі і мур тых часоў будуць асновай нашай установы», — распавёў Hrodna.life ўладальнік новай установы Алег Андрэеў.

Раней, яшчэ да рэстарана «Вена», у падвалах былога кляштара кармелітаў працаваў папулярны ў савецкі час піўны бар, які ў народзе называлі «Яма».