Абласныя спаборніцтвы рэспубліканскай лігі па чырлiдзiнгу прайшлі 3 сакавіка ў Ліцэі №1 у Гродне. Чырлідзінг цяпер мае ў Беларусі афіцыйны статус спорту – у такім статусе мерапрыемства прайшло ўпершыню. Для некаторых гэтыя спаборніцтвы сталі дэбютнымі.
Згодна з загадам Міністэрства спорту ад 24 студзеня 2017 года, чырлiдзiнг прызнаны відам спорту. Ён спалучае ў сабе элементы шоў: танцы, гімнастыку i акрабатыку.
“Пераможцы ва ўсіх намінацыях і розных узроставых катэгорыях змогуць прадставіць Гродзенскую вобласць на фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах у Мінску 2 красавіка. Для Гродна гэта мерапрыемства вельмі важнае, бо тут колькасць і ўзровень каманд расце апошнія дзевяць гадоў. Самае галоўнае, што адміністрацыя горада і ўстановы адукацыі вельмі прыхільныя да чырлiдзiнгу і стараюцца максімальна падтрымліваць”, – адзначыла галоўны суддзя спаборніцтваў Вольга Скорбеж.
У спаборніцтвах узялі ўдзел 14 каманд з усёй вобласці. На фінал у Мiнск адправяцца каманды з Гродна, Лiды i Шчучына.



























