Вялікую пляцоўку ў цэнтры Гродна паміж вуліцамі Васілька, Паўлоўскага і Кірава выдзелілі для літоўскага генконсульства яшчэ ў 2009 годзе, але за 8 гадоў будаўнічыя працы так і не пачаліся. Літоўцы ад зямлі не адмовіліся, наадварот, усе гэтыя гады вялі працу па зборы дакументацыі, расказаў Hrodna.life генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзiюс Мацкелiс.
«Мы ўжо даўно маем патрэбу ў новым будынку. Пакуль мы знаходзімся ў часова арандаваных памяшканнях на вуліцы Горкага. Тое, што візавыя цэнтры адкрыліся — гэта ўсяго толькі пачатковая апрацоўка дакументаў, у самым жа консульстве ўся праца ідзе па-іншаму», — кажа Генадзiюс Мацкелiс. Таму ўласны будынак для пляцоўкі ўсё яшчэ патрэбны
Асноўная праблема, якая зацягнула будаўніцтва — тэндар на праекціроўку. Гэтым спецыялісты займаліся два гады. Таксама два гады працавалі над праектам.
«Зараз ідзе ўзгадненне дакументацыі з мясцовымі ўладамі. Як толькі будзе вынік, мы прыступім да рэальных будаўнічых прац. Праект ужо ёсць, ён таксама чакае ўзгаднення. Думаю, асноўныя працы пачнуцца не раней за 2018 год».
Згодна з праектам на выдзеленай тэрыторыі ў цэнтры Гродна прадугледжваецца будаўніцтва двухпавярховага будынка, які будзе ўпісвацца ў стары горад. Раней, да 2007 года, на гэтым месцы стаяў паравы млын (нашчадкі гаспадароў млына сёння жывуць у Ізраілі).