Абласны адборачны этап конкурса дызайнераў «Мельница моды» адбыўся ў Гродне 21 лютага. Сюды патрапілі тыя, што паспяхова прайшлі два папярэднія этапы — прадстаўлення ідэі і эскізаў калекцыі. Свае работы прадэманстравалі 16 дызайнераў з Гродна і вобласці. Па выніках гэтага этапа 15 калекцый дапусцілі да далейшага ўдзелу ў спаборы.

Мельніца моды-2017 (2)

Як распавяла мастацкі кіраўнік конкурса Святлана Гняцёнак, на гэтым этапе этапе мае быць паказана ўвасабленне ідэі ў жыццё. Прадстаўленая калекцыя павінна складацца з пяці камплектаў і быць гатовай прыкладна на 75%. Гэта дазваляе як ацаніць, ці ўдаецца на практыцы ажыццявіць задумку, так і скарэктаваць ці дапоўніць калекцыю.

Мельніца моды-2017 (10)

Адукацыйны складнік, паводле прадстаўнічкі журы Веранікі Пятровіч ці не найбольш важны ў гэтым конкурсе. Удзел у ім бяруць у асноўным дызайнеры-пачаткоўцы, што толькі асвойваюць прафесію. Сёлета Гродзеншчыну прадстаўлялі студэнты з універсітэта імя Янкі Купалы, коледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайна, коледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, цэнтра дзіцячай творчасці, лідскай студыі «Майстар моды» і школы 28 з Гродна. Прадстаўніцтва на конкурсе ў гэтым годзе большае, чым летась, калі было прадстаўлена толькі 10 калекцый.

Па завяршэнні абласнога адборачнага тура дызайнеры будуць мець час даверсці калекцыі да канчатковага выгляду. Ужо 20 сакавіка трэба прадставіць іх для фотасесіі конкурснага каталога. Фінальныя прагляды конкурса адбудуцца ў канцы мая.