Унікальны музей з’явіцца ў найбольш захаваўшымся форце Гродзенскай крэпасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

У рэгіёне пачалі працу па музеефiкацыi фартоў Гродзенскай крэпасці з уключэннем іх у турыстычныя маршруты. Максімальную цікавасць турыстаў выклікаюць сёння другое і чацвёртае фартыфікацыйныя збудаванні. Форт № 4 стане музеем, яго амаль не закранулі разбурэнні. На прыкладзе гэтага ўмацавання можна разгледзець прыклады капітальных збудаванняў Гродзенскай крэпасці, што і прапануюць турыстам. Форт № 2 па дарозе на Аўгустоўскі канал таксама добра захаваўся, яго ўключаць у экскурсіі з правядзеннем культурнай, тэатралізаванай праграм. Іх распрацоўвае Гродзенскі райвыканкам.

Астатнія фарты захаваліся ў меншай ступені, тым не менш, іх можна сустрэць, падарожнічаючы па Гродзенскім раёне. «Гэтыя аб’екты неабходна давесці да ладу, закансерваваць і пазначыць суправаджальнай інфармацыяй на спецыяльных шчытах. Усе фарты можна дэманстраваць, напрыклад, удзельнікам тэматычных экскурсій на ваенна-патрыятычную тэматыку», — лічыць Алена Клімовіч.

Гродзенская крэпасць — сістэма ўмацаванняў вакол Гродна, функцыянавала як фартовая крэпасць Расійскай Імперыі, Германскай імперыі і Польскай Рэспублікі. Крэпасць складалася з вялікай колькасці фартыфікацыйных умацаванняў, цэнтральнае месца сярод якіх займалі фарты. Фарты Гродзенскай крэпасці акружалі горад Гродна з усіх бакоў, знаходзячыся на адлегласці каля 10 км ад яго.

Захаваўшыяся да нашых дзён земляныя фарты былі ўзведзены ў 1887−1889 гадах. Гэтыя будынкі з’яўляюцца славутасцямі Гродзенскага раёна, архітэктурнымі помнікамі і ўзорамі фартыфікацыйнага мастацтва ХIХ стагоддзя. Большасць іншых фартоў Гродзенскай крэпасці так і не былі дабудаваныя да пачатку Першай сусветнай вайны. Больш за тое, падчас той вайны, яны часта былі ўзарваныя адступаючымі войскамі, таму на дадзены момант фактычна страчаны. Побач з некаторымі з фартоў размешчаны брацкія магілы салдат Першай сусветнай. Ёсць таксама помнікі, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны.