Памёр гродзенскi краязнаўца Віктар Саяпін

Вядомы краязнаўца, калекцыянер, аўтар мноства кніг пра гісторыю Гродна Віктар Саяпін памёр на 68 годзе жыцця ўвечары 2 лютага 2017. Страшная хвароба прыйшла да Віктара Юр’евіча зусім нечакана, але ратавацца ад яе ўжо было позна.

Чытайце яшчэ:  Развітанне з Віктарам Саяпіным адбудзецца ў суботу 4 лютага

Усё сваё жыццё Віктар Саяпін прысвяціў роднаму гораду. Ужо з пятага класа ён пачаў фармаваць калекцыю пра Гродна – выразаў газетныя і часопісныя публікацыі, збіраў буклеты і паштоўкі. У юнацтве ён шмат фатаграфаваў. Ужо ў сталым узросце Віктар Юр’евіч узяўся за сур’ёзную пошукавую працу ў бібліятэках.

Пасля выхаду на пенсію стаў як на працу хадзіць у архівы. Хадзіў ён туды з адзінай мэтай – даведацца, як жылі, працавалі, чым захапляліся, дзе праводзілі вольны час гродзенцы.

“Я сам гродзенец у чацвёртым пакаленні па мамінай лініі. А мае ўнукі наогул у шостым. Радавод вывучыў да XVIII стагоддзя. Ува мне цячэ кроў беларускіх, рускіх, украінскіх і нават нямецкіх продкаў”, – пра гэта яшчэ ў 2012 годзе Віктар Саяпін распавядаў карэспандэнту “Гродзенскай праўды”.

Дваццаць пяць гадоў Віктар Юр’евіч адпрацаваў у мытнай службе. Ён прайшоў шлях ад інспектара да намесніка начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Неаднаразова быў прадстаўлены да высокіх дзяржаўных узнагарод.

Апошняя кніжка, якую паспеў выпусціць краязнаўца – «Гродна i гродзенцы 1944-74». На яе прэзентацыі гісторык Ігар Трусаў сказаў: “Кнігамі Саяпіна будуць карыстацца яшчэ 150 гадоў”.

https://www.youtube.com/watch?v=4aAUF4129Uc

17 верасня 2016 года, на 888 годзе горада, iмя Віктара Саяпіна ўнеслі ў Кнігу Славы Гродна (на фота ніжэй).

Раней, у 2013 годзе, стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі імя Ядкоўскага.

Віктар Юр’евіч хацеў яшчэ пісаць і вывучаць гісторыю Гродна. Планаў у яго было шмат, але лёс распарадзіўся інакш. Свае апошнія рукапісы на чарговую кнігу краязнаўца ў канцы 2016 года перадаў у рэдакцыю “Гродзенскай праўды”. Гэтая кніга, калi пра яе не забылi ў газеце, павiнна быць пра вуліцы Гродна – у цвёрдай вокладцы, якаснага выканання.

Рэдакцыя Hrodna.life выказвае спачуванні ўсім родным і блізкім людзям Віктара Юр’евіча.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: