Днямі гурт Brutto паабяцалі, што «будуць дапамагаць на ўсіх франтах» пераможцам нацыянальнага адбору конкурсу «Еўрабачанне-2017» гурту Navib. І вось Міхалок і кампанія перайшлі ад слоў да справы, перадае Еўрарадыё. Яны падарылі беларускім прадстаўнікам на міжнародным песенным конкурсе адмысловую мадыфікацыю акустычнай гітары ад Андрэя Кібіня, аднаго з лепшых майстроў Беларусі з Гродна. Гук гэтай гітары, адзначаюць музыкі, можна было пачуць у кліпах «Чайка» і «12 обезьян».


Чытай таксама: Гітары з Гродна ведаюць ва ўсім свеце


«Мы паразмаўлялі па тэлефоне з Naviband, і я ім распавёў, што мы на сёння запланавалі, што можам і жадаем падарыць, — каментуе прадзюсар Brutto Антон Азізбекян. — А вось нейкія прыватныя моманты, дапамога ў якіх ім можа спатрэбіцца ў Кіеве, бытавыя пытанні, нейкія яшчэ там… то гэта ўжо будзем абмяркоўваць падчас сустрэчы, знаёмства, якія ў нас запланаваныя на наступны тыдзень».

Апроч гітары, Brutto аддаюць гурту Naviband бясплатную рэпетыцыйную базу на час падрыхтоўкі да «Еўрабачання», а таксама запіс прафесійнай фанаграмы для конкурсу ў студыі Андрэя Баброўкі «Селах» і майстарынг песні ў нью-ёркскай студыі Sterling Sound.

Ці скарыстаюцца Naviband падарункамі, Антон Азізбекян не ведае. Маўляў, «мы ім далі магчымасць, а яны няхай думаюць, мы ў гэта ўмешвацца не будзем».