У апошнім афіцыйным матчы 2016 года “Нёман” у Гродне прайграў “Юнацтву”. Каманда Сяргея Пушкова не здолела пры сваiх заўзятарах даць сур’ёзны бой прынцыповаму суперніку.
Каманды правялі добрую першую дваццаціхвілінку. Прайграючы па ходу перыяду ў дзве шайбы, гродзенцы здолелі зраўняць лік, зрабiўшы гэта ў большасці. Спачатку адставанне на адну шайбу скараціў Сцяпанаў, а пасля Гарбачэнка зраўняў лік. Але на перадапошняй хвіліне перыяду нападаючы “Юнацтва” Корса здолеў вывесці сваю каманду наперад.
Другая дваццаціхвілінка атрымалася не такой выніковай. Адзіную шайбу ў перыядзе закінулі госці, зрабіў гэта на 35-й хвіліне Яфіменка. Моманты былі і ў гродзенцаў, але прабіць галкіпера “Юнацтва” гаспадарам не ўдалося.
Трэці перыяд каманды правялі ў сур’ёзнай барацьбе, але закінуць нікому не атрымалася. Такім чынам “Юнацтва” здолела абыграць “Нёман” і павезла ў Мінск каштоўныя тры ачкі.
“Нёман” – “Юнацтва” 2:4 (2:3, 0:1, 0:0)
Галы:
03.29 0:1 – Кагалеў (Елісеенка, Туркін)
04.50 0:2 – Развадоўскі (Міхно, Прэтнар, – бол.)
08.41 1:2 – Сцяпанаў (Лакканен, Дарафееў, – бол.)
18.47 2:2 – Гарбачэнка (Кліменка, Метлюк, – бол.)
19.04 2:3 – Корса (Міхно, Захараў)
34.07 2:4 – Яфіменка (Чарнаок)
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сергей Пушкоў адзначыў, што трэцяя шайба “Юнацтва” і вырашыла зыход сустрэчы.
“Гульня была цяжкай для абедзвюх каманд. Мы няўдала пачалі, супернік хутка павёў дзве шайбы, трэба было адыгрывацца. Дапускалі сур’ёзныя памылкі ў абароне. І нашы памылкі «Юнацтва» рэалізавала. Тыя ж памылкі, што дапускаў супернік, мы выкарыстаць не змаглі. Згодны, што апанент своечасова закінуў трэцюю шайбу, як толькі мы зраўнялі лік. Гэты гол нас надламiў. Спрабавалі нешта зрабіць, але адбівалася стомленасць – не было лёгкасці ў абедзвюх каманд. Супернікі нас даціснулі”.
Такім чынам адставанне “Нёмана” ад “Юнацтва”, якое працягвае ўзначальваць турнірную табліцу, ужо складае 7 ачкоў.
Далей у каманд у чэмпіянаце надыходзіць перапынак, адновіцца ён 10 студзеня. У гэты дзень “Нёман” будзе прымаць “Гомель”.








