Першы турысцка-інфармацыйны цэнтр пра бязвізавы Гродна плануецца адкрыць у Літве ў студзені, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Інфармацыйны цэнтр, прысвечаны турыстычным магчымасцям пры наведванні Гродзенскай вобласці з акцэнтам на адпачынак у бязвізавай зоне, будзе створаны сумесна з літоўскімі партнёрамі ў горадзе Бірштонас, з якім наладжаны даўнія сувязі па рэалізацыі праектаў у турыстычнай сферы. Затым экспазіцыі аб Гродзенскай вобласці плануецца адкрыць у падобных цэнтрах Марыямпале, Алітуса і горада Лаздзіяй. У іх ужо вызначаны памяшканні для прэзентацыі патэнцыялу бязвізавага Гродна і ваколіц.

«Стварэнне цэнтраў у Літве вядзецца па своеасаблівым інфармацыйным абмене — у турысцка-інфармацыйным цэнтры ў Гродне ў сваю чаргу частка экспазіцыі будзе прысвечана турыстычнаму патэнцыялу Літвы. Падобная практыка выкарыстоўваецца ў працы з польскімі калегамі - раней у Беластоку з’явіўся цэнтр, прысвечаны турыстычным магчымасцям Гродзенскай вобласці, а ў Гродне — экспазіцыя аб Падляскім ваяводстве, — паведаміў Алег Андрэйчык. — Турысцка-інфармацыйныя цэнтры ствараюцца для якаснага інфармавання патэнцыйных замежных турыстаў аб магчымасцях нашага рэгіёну, аб турыстычных прадуктах і мерапрыемствах, якія праводзяцца тут. У календары мерапрыемстваў Гродзенскай вобласці на 2017 год больш за 300 падзей, якія могуць быць цікавыя розным турыстам».

У інфацэнтры таксама можна даведацца пра магчымасці ўезду і выезду ў парк «Аўгустоўскі канал», іншую важную інфармацыю.