Брэсцкі аўтавакзал 8 снежня з-за галалёду адмяніў 20 рэйсаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік транспартнага прадпрыемства Мікалай Радзюк.
З 6.00 да 8.30 з 50 рэйсаў на маршрут не выйшлі 20 аўтобусаў. Так, быў адменены транспарт, які ходзіць ва Украіну — у Ковель, Луцк, Чырвонаград. Міжгароднія аўтобусы ў гэты час не курсіравалі з Брэста ў бок Гродна і Ліды. Таксама часткова былі адмененыя прыгарадныя рэйсы.
«Такое рашэнне было прынята з-за галалёду. Асабліва няпростая сітуацыя была на дарогах у сельскай мясцовасці. Як толькі адказныя службы прывялі праезную частку ў парадак, транспарт выйшаў на маршруты», — адзначыў Мікалай Радзюк. Ён дадаў, што цяпер сітуацыя ў памежным рэгіёне стабілізавалася. Аўтобусы па ўсіх напрамках ходзяць па раскладзе.