Дзясяткі гульнявых сталоў, за якімі размясцілася не менш як сто чалавек, расставілі ў выходныя 3−4 снежня ў Моладзевым цэнтры «Гродна». Нават калі хтосьці не ведаў, як і ў што гуляць, фестываль настолак «Игрокуб» — выдатнае месца, каб паспрабаваць усё і падабраць гульню па гусце, піша grodnonews.by.
Прыходзілі на фестываль і моладзь, і сямейныя пары з дзеткамі. Гасцей забаўлялі косплэеры, фотазоны з Бэтмэнам і Супермэнам, тут жа можна было набыць коміксы са зніжкамі. А для самых маленькіх гасцей наладзілі пляцоўку з аквагрымам і гучныя чытанні кніжак з пальчыкавымі лялькамі.
Галоўнае, што кідалася ў вочы, — доўгія шэрагі з вялікай колькасцю настольных гульняў. Тут і тактычныя гульні, і картачныя, гульні на ўяўленне і на ўдачу, а таксама асобны стэнд, прысвечаны космасу і сусвету «Зорных войн». Асабліва наведвальнікі цікавіліся вялізнымі версіямі гульняў «Дженга» і «Каркасон»: можна было пабудаваць вежу з брускоў велічынёй з дарослага чалавека і стаць феадальным магнатам раскладзенай на каўраліне дзяржавы.
Вылучаліся гульцы за шырокімі сталамі, якія расстаўлялі на поле сапраўдныя крэпасці і атрады воінаў з сусвету Warhammer 40,000. Гульні з мініяцюрамі - адно з папулярных сучасных хобі, немалаважнай часткай якога з’яўляецца зборка, афарбоўка і калекцыянаванне мадэляў. Да фігурак дакупляць цэлыя кнігі з правіламі вядзення бою. Хлопцы з клуба «Цэнтурыён» распавялі, што для іх Warhammer гэта займальнае хобі.
На «Игрокубе» таксама праводзілі свае турніры. Для дарослых — па настольнай гульні «Джэнга», «Каркасон» і камандны турнір па настольнай гульні для вясёлых кампаній «Кодавыя імёны». На працягу двух дзён змагаліся ўдзельнікі і ў папулярных гульнях «Берсерк» і «Magic». Усім гульцам без карт фестываль даваў калоду для гульні. А для дзяцей праводзіліся турніры па настольных гульнях «Чарапашыя бегі» і новай гульні ад айчынных распрацоўнікаў «Гаспадар цмокаў».
Дарэчы, пратэставаць можна было і іншыя беларускія «настолкі», такія як «Вежа», «Мова»,"Паўстанцы" і самую свежую — «Прастол Вялікага княства Літоўскага».
Арганізатары ўпэўненыя: калі фестываль праходзіць ужо трэці год запар, і колькасць людзей на ім толькі павялічваецца, значыць, яны рухаюцца ў правільным кірунку. А настольныя гульні, па сутнасці, — гэта яшчэ адна добрая нагода сабрацца разам, пагутарыць ужывую і спосаб правесці цікавы вечар не толькі перад экранам тэлевізара. А яшчэ — выдатнае хобі, якое развівае розум і ўяўленне.