Выставай і паказам фільмаў пра трагедыю яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны 20 лістапада пачалася двухдзённая міжнародная канферэнцыя «Праведнікі народаў свету». У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі польскага консульства, пасольства Ізраіля, а таксама прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны Гродна.

У будынку консульства Польшчы адкрылася выстаўка «Самарыцяне з вёскі Маркава», якая расказвае пра палякаў, якія цаной свайго жыцця ратавалі яўрэяў.

5
Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжак адзначыў, што для консульства правядзенне такога мерапрыемства — важны крок, бо пра гераізм людзей, якія ратавалі яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны, мала хто ведае.

«Адзін журналіст мяне нядаўна спытаў:"Ці ёсць сэнс цяпер казаць пра адносіны палякаў і яўрэяў падчас Другой сусветнай?» Думаю, ёсць, бо ў той страшны час нашы народы жылі разам пад акупацыяй. Знайшліся хрысціяне, якія рызыкавалі сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх і хавалі яўрэяў. У консульстве мы паказалі фільм пра выратаванне гродзенскага яўрэя Фелiкса Зандмана, якому дапамаглі таксама гродзенцы. Менавіта такія гісторыі мы павінны ведаць і расказваць іншым".

1

У панядзелак, 21 лістапада, у сінагозе прадстаўнікі ізраільскага пасольства ўручаць дыпломы Праведнікаў народаў свету дзецям і ўнукам тых людзей, якія на тэрыторыі цяперашняй Беларусі ратавалі яўрэяў.

Часовы Павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Співакова адзначыла важнасць таго, што мерапрыемства праходзіць менавіта ў Гродне.

«Тэма Праведнікаў народаў свету важная не толькі для народаў Ізраіля, Польшчы і Беларусі, яна важная і для ўсяго чалавецтва. Гэта тэма будзе актуальнай яшчэ доўгія гады. Нам важна правесці мерапрыемства ў Гродне, менавіта ў тым месцы, дзе быў цэнтр яўрэйскага жыцця да вайны. Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы ў гэтым горадзе будуць праходзіць значна часцей».

2
Усяго ў Беларусі званне Праведнік народаў свету прысвоена 680 чалавекам. Сярод іх 50 прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці.

Гэта званне даецца людзям, якія, рызыкуючы сваім жыццём, а часта і жыццём сваіх блізкіх, ратавалі яўрэяў у гады Халакосту. Імёны праведнікаў заносяцца на сцяну пашаны ў Садзе праведнікаў народаў свету на тэрыторыі комплексу Яд Вашэм у Ерусаліме. У гонар кожнага праведніка на Алеі праведнікаў у Яд Вашэм пасаджана дрэва.