Моцны духам чалавек, унікальны паэт, экзістэнцыяліст, паслядоўнік Максіма Багдановіча і Янкі Брыля — так характарызавалі Алеся Чобата гарадзенцы, якія 10 лістапада прыйшлі на прэзентацыю новай кнігі пісьменніка ў Цэнтр гарадскога жыцця.

Кніга, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Юрсапрынт», мае назву «Планета» і ў асноўным складаецца з вершаў, прысвечаных гісторыі Беларусі. Укладаў кнігу сам аўтар.

ales-chobat-013

Страціўшы зрок, асэнсаваў свае творчыя здабыткі

Прысутныя на прэзентацыі літаратары і літаратуразнаўцы высока ацанілі «Планету». Як адзначыла паэтка Данута Бічэль, «у Чобата самы высокі ўзровень, які толькі можа быць у паэзіі, у сэнсе думкі, мастацтва, пачуцця, глыбіні і навізны».

«Планета» — трэцяя кніга Алеся Чобата за апошнія тры гады. У 2014 годзе пабачылі свет яго «Кароткая гісторыя Беларусі» і «На дзікай прэрыі над Котрай, Гаўяй і Шчарай». Па словах Дануты Бічэль, апошнія тры кнігі Алеся Чобата — гэта выбранае, патрабавальна і строга адабранае ім самім з напісанага за ўвесь час. Страціўшы зрок, пісьменнік абдумаў і асэнсаваў свае творчыя здабыткі.

ales-chobat-011

«Кароткая гісторыя Беларусі» — вершаваныя аповеды пра гісторыю Беларусі ў постацях і праз постаці ў падзеях. Другая кніга празаічная. У ёй выказаны думкі пісьменніка пра нацыянальную ідэю і балючыя моманты ў гісторыі нашай нацыі. «Планета» — квінтэсэнцыя творчых пошукаў паэта.

Скідальская мова ўнікальная

Данута Бічэль звярнула ўвагу на асаблівую мову кніг Алеся Чобата, які не прыняў ніякіх карэктарскіх правак.

«Гэта ўнікальная рэч, таму што мова наша надзвычай далікатны матэрыял. А мы апошнім часам так неакуратна з ёй абыходзімся, мы яе проста марнуем і губляем. Таму мову трэба берагчы ў тым стане, у якім яна знаходзіцца менавіта ў глыбінках, у нашых вёсках. І Алесь здолеў захаваць мову Скідля. Скідальская мова ўнікальная».

Побач з Бродскім і Мілашам

На прэзентацыі адзначылі, што Алесь Чобат у сваёй творчасці раўняўся на Максіма Багдановіча і на Янку Брыля. А паэт і літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч заўважыў, што творчасць скідальскага паэта займае ў беларускай літаратуры тую нішу, якую займае Бродскі ў рускай літаратуры, а Мілаш у польскай. Гэта паэты-экзістэнцыялісты. Дарэчы, Алесь Чобат пераклаў на беларускую мову многія вершы Чэслава Мілаша.

«Не бачу бліскучых перспектыў»

Імпрэза з нагоды выхаду «Планеты» мела і музычнае аздабленне. Гітарыст Уладзімір Захараў сыграў на лютні англійскую баладу ХІХ стагоддзя і дзве старадўнія беларускія мелодыі. А лідар гурта «Дзецюкі» Алесь Дзянісаў праспяваў пад гітару дзве песні на вершы Алеся Чобата: «Эпілог» і «Край мой шчаслівы».

Словы самога Алеся Чобата поўняцца горыччу і расчараваннем: «Я нічога не магу напісаць новага. Быццам бы ўсё навокал змянілася, але людзі тыя самыя. Беларусы — гэта такія людзі, якія мяняцца не могуць. Я не бачу ніякіх бліскучых перспектыў у такім краі і ў такім народзе. Таму гэтая кніга канчаецца на Хатыні. Вось куды трэба хадзіць пілігрымкам — усім канфесіям, усім партыям, усім начальнікам. Там звоняць званы. Як па нас звоняць. Памятаеце? Не пытай, па кім звоніць звон, бо звоніць ён па табе».