Другое месца ў занальным этапе конкурса “100 ідэй для Беларусі” заняў праект “Азбука маленькага беларуса” ад пярвічнай арганізацыі БРСМ Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайна. Галоўная ідэя азбукі – спалучыць нацыянальныя вобразы, дзяржаўную сімволіку, фальклор і вершы беларускіх паэтаў.
“Спачатку азбука распрацоўвалася для аднаго з конкурсаў, што праводзіць БРСМ, – расказвае дызайнер праекта Наталля Катовіч. Азбука спадабалася гледачам і журы. Спецыялісты параілі паказаць праект на больш высокім узроўні і ўзяць удзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.

Пакуль азбука складаецца з асобных старонак. На кожнай з іх – літара, адпаведны малюнак і невялікі верш. Літары азбукі падобныя да вясёлых чалавечкаў – з вочкамі, ручкамі ды ножкамі. З такімі літарамі маленькія беларусы абавязкова захочуць пазнаёміцца і пасябраваць, мяркуе Наталля Катовіч. Яна выкладае ў каледжы чарчэнне і інжынерную графіку. Досвед працы ў графічных рэдактарах аказаўся карысным у працы над азбукай.
Літаратурную частку праекта дапамагла стварыць філогаг-беларусавед Галіна Сарокіна. Над афармленнем дызайнерка працавала разам з выкладчыцай эканомікі Надзеяй Сцяпурай. Дарэчы, дзеці Надзеі, пяцігадовая дачка і сын-школьнік, сталі аднымі з першых маленькіх беларусаў, што пабачылі і ацанілі азбуку. Дачка зацікавілася малюнкамі, а сын знайшоў некалькі вершаў на пазакласнае чытанне.

Бізнес-план праекта прадугледжвае магчымасць выкарыстання азбукі як лічбавага сродка навучання, альбо ў якасці сродка папулярызацыі мовы на білбордах горада. Калі праект атрымае далейшую падтрымку і для яго знойдзецца інвестар, азбука можа быць выдадзена асобнай кніжкай. Але гэта яшчэ вельмі далёкія перспектывы. У бліжэйшых планах стваральнікаў азбукі – падрыхтоўка да абластнога этапу конкурса, што пройдзе ў Гродне ў снежні.


