Японскі кампазітар і піяніст Тэмпэй Накамура выступіць у Мінску і Гродне 10-11 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Японіі ў Беларусі.
Канцэрты пройдуць у дні фестывалю японскай культуры “Японская восень у Беларусі 2016”: 10 лістапада – у Мінску ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 11 лістапада – у Гродне ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы. Уваход на канцэрты вольны.
Японскі кампазітар і піяніст Тэмпэй Накамура другі раз наведвае Беларусь у дні фестывалю японскай культуры “Японская восень у Беларусі”. У 2016 годзе візіт піяніста ў Беларусь праходзіць як частка вялікага еўрапейскага турнэ, у аснову якога лёг новы альбом піяніста “The Vortex” (2016).
Беларуская публіка пачуе кампазіцыі, створаныя музыкам пад уражаннем ад яго падарожжаў па Японіі і замежжы: “Водны пейзаж Хёго”, “Ichigo-Ichie” (кожная сустрэча непаўторная і адзіная), “Слёзы дракона”, сюіты “Падарожжа па Еўропе” і ” Манэ” і іншыя. Па словах Тэмпэй Накамура, яго музыка заснаваная на натхненні ад розных музычных кірункаў – рамантызму, імпрэсіянізму, амерыканскай класікі, джазу, року, японскай музыкі гульняў і анімэ. У сваіх творах кампазітар таксама выкарыстоўвае матывы традыцыйнай японскай музыкі.



