Канцэрт у драмтэатры, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Мулявіна, прайшоў з аншлагам, піша grodnonews.by.

У першай яго частцы гледачы ўбачылі легендарную рок-оперу «Песня пра долю», якую сёння выдатна выконвае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча. Ролю Янкі Купалы, якую ў свой час Мулявін напісаў для сябе, выканаў Пётр Елфімаў. Ян Жанчак увасобіў зборны вобраз беларуса. Роля маці і жонкі - у салісткі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Кацярыны Дзегцяровай.

Пасля антракту гледачы вельмі шмат спявалі і апладзіравалі пасля кожнай кампазіцыі. Бо са сцэны ў выкананні Пятра Елфімава гучалі ўсім добра знаёмыя хіты Уладзіміра Мулявіна з рэпертуару ансамбля «Песняры».