Планы на мяжу: бязвізавы цягнік, “Лясная” для раварыстаў і новы пункт пропуску ў Сафіева

Фота: PAP

Развіццё інфраструктуры на беларуска-польскай мяжы было адной з тэмаў сустрэчы прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці і Падляшскага ваяводства, якая адбылася ў Гродне 26 кастрычніка, у першы дзень дзеяння бязвізавага рэжыму на тэрыторыі часткі Гродзенскага раёна.

Гэтак, пункт пропуску “Лясная-Рудаўка” на Аўгустоўскім канале, які зараз працуе выключна для воднага транспарту, плануецца ў 2017 годзе адкрыць і для велатурыстаў, перадае БелТА. Ужо запушчана міждзяржаўная працэдура па змяненні статусу пункта пропуску.

“Спадзяюся, што да адкрыцця наступнага сезону гэты пункт будзе даступны не толькі для водных турыстаў, але і для тых, хто падарожнічае пешкі або на роварах”, – сказаў старшыня Гродзенскага абвлыканкама Уладзімір Краўцоў.

Яшчэ адзін новы пункт пропуску можа з’явіцца па дарозе з Гродна на Аўгустоўскі канал. Ён дазволіць скараціць адлегласць паміж Гродна і Аўгустовам у два разы – да 57 км. Кіраўнікі рэгіёнаў абмеркавалі магчымасць стварэння такога пункту ў “Сафіева-Ліпшчанах”.

“Стварэнне такога пункта дазволіць зрабіць яшчэ больш даступнай для замежнікаў беларускую частку Аўгустоўскага канала, закальцаваць існуючыя турыстычныя маршруты”, – сказаў Краўцоў. Беларускі бок хоча, каб гэты пункт пропуску працаваў для пешых, раварыстаў і аўто масай да 3,5 тон.

Дарога да мяжы ёсць з абодвух бакоў. Палякі ўжо зарэзервавалі зямлю пад будаўніцтва інфраструктуры. Дакладная дата стварэння новага пункту пропуску пакуль невядомая – праект мусіць прайсці яшчэ шэраг узгадненняў.

Таксама была агучана ідэя пашырыць бязвізавы ўезд на чыгуначнае і авіяцыйнае спалучэнне, у тым ліку на цягнік Кракаў-Гродна. Між іншым, прапрацоўваецца тэма лоўкостаў праз гродзенскі аэрапорт. Ідэю распаўсюду бязвізавага рэжыму і на чыгуначнае спалучэнне падтрымлівае і маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчыньскі. Таксама ён лічыць, што аэрапорт, калі ўвойдзе ў бязвізавую зону, можа быць цікавым жыхарам Падляшша.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: