Госці з Падляшскага ваяводства на чале з маршалкам Ежы Ляшчынскім сталі першымі турыстамі, якія заехалі на тэрыторыю Гродзенскай вобласці згодна з новым заканадаўствам аб бязвізавым уездзе. 26 кастрычнiка польская дэлегацыя прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Гродне новага турысцка-інфармацыйнага цэнтра Падляшскага ваяводства.
Нагадаем, з 26 кастрычніка ўступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта №318, які дае магчымасць замежным турыстам на працягу пяці сутак наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку “Аўгустоўскі канал” і прылеглыя тэрыторыі, у якія ўваходзіць уласна Гродна і частка Гродзенскага раёна.
Польская дэлегацыя пераехала беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску “Лясная-Рудаўка” на Аўгустоўскім канале. Там іх сустракалі прадстаўнікі мясцовых уладаў Гродзеншчыны. Разам яны адправіліся ў Гродна, дзе прынялі ўдзел у адкрыцці турысцка-інфармацыйнага цэнтра Падляшша.
“У сувязі з зацікаўленасцю турыстаў, ужо зараз адчуваецца неабходнасць у такіх цэнтрах. Такі пункт адкрываецца не толькі ў нас, але і ў Беластоку – там яго адкрыццё запланавана на 3 лістапада. Цэнтры пазнаёмяць жыхароў рэгіёнаў з патэнцыялам рэгіёнаў-суседзяў. Мы разьлічваем, што такія цэнтры прыцягнуць увагу турыстаў “, – распавяла намеснiк начальніка Упраўлення спорту і турызму гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лiдзяева.
У цэнтрах будуць даступныя турыстычныя буклеты і карты, супрацоўнікі будуць распавядаць пра турыстычныя славутасці рэгіёнаў, а таксама дапамогуць падабраць турыстычную паездку. Усе гэтыя паслугі цэнтраў будуць бясплатнымі.
Польскія турысты ў Гродзенскай вобласці па колькасці знаходзяцца на другім месцы пасля расіян. Цяпер каб ім, ды іншым грамадзянам Еўрасаюза, патрапіць у Гродне, не спатрэбіцца віза. Трэба будзе запоўніць заяўку на сайце grodnovisafree.by, пасля чаго турыстычная фірма выдасць дакументы для ўезду ў Беларусь без візы.
Вядома, што ўжо з раніцы 26 кастрычніка на сайце зарэгістраваліся польскія, нямецкія і іспанскія турысты, гатовыя прыехаць на Гродзеншчыну ў бліжэйшыя выходныя.








