Студэнт медыцынскага ўніверсітэта Алег Канапацкі ў жніўні ездзіў на ўкраінскае тэлешоў «Розсміши коміка», дзе яму ўдалося развесяліць суддзяў - прафесійных комікаў - і выйграць 20 тысяч грывен (1480 беларускіх рублёў). Выпуск праграмы з удзелам Алега выйшаў у эфір 24 кастрычніка. На гэтым студэнт не плануе спыняцца і ўжо рыхтуецца да супер-гульні, дзе зможа выйграць 50 тысяч грывен.

«Мы глядзелі з дзяўчынай па тэлевізары „Розсмiши коміка“ і я падумаў, а чаму б і мне не паўдзельнічаць. Чым хлопцы, якія там выступаюць, лепшыя за мяне? Так і з’явілася ідэя паехаць у Кіеў і даказаць у першую чаргу сабе, што я таксама так магу», — распавядае хлопец.

Спачатку Алегу прайшоў кастынг, які праходзіў 6 жніўня. Да гэтага ён меў тры месяцы, каб прыдумаць незвычайныя жарты.

«З гэтым складанасцяў не было, бо я ўвесь час гуляў ва ўніверсітэцкім КВЗ. Жарты прыдумвалicя, а затым правяраліся на розных узроставых аўдыторыях. Праз мае жарты прайшлі бацькі, дзяўчына, сябры. Пасля стараннага адбору жартаў я ўпэўнена адправіўся на здымкі».

Алег быў прыемна здзіўлены, пасля таго, як з пяці напісаных ім лістоў А4 з жартамі, на шоў атрымалася прачытаць толькі два.

«Я не працягнуў гуляць, бо гэта быў мой першы падобны вопыт. Я не ведаў, як павядуць сябе комікі далей: а раптам яны наогул не будуць смяяцца? Я вырашыў, што лепш спыніцца на 20 тысячах. Мне здаецца, гэта добры вынік, які я зрабіў за дзве карткі А4. Астатнія тры я пакінуў на супер-гульню, якая пройдзе праз месяц. Там ужо паспрабую пазмагацца за 100 тысяч грывен».

Выйграныя грошы Алег патраціў на вучобу і дапамогу бацькам.