Праз два дні пасля найцяжэйшага матчу ў фінале Кубка, гродзенскі “Нёман” адправіўся на поўнач краіны ў Віцебск, каб згуляць у чарговым туры чэмпіянату Беларусі. У захапляльным матчы чырвона-чорныя здолелі абыграць “Віцебск” і павезці ў Гродна тры ачкі.
У складзе “Нёмана” вызначыліся Сяргей Дарафееў, Павел Баярчук, Арцём Кіслы, Элвiйс Безайс і Сяргей Маляўка. У гаспадароў адзіную шайбу правёў Міхаіл Казлоў.
“Віцебск” – “Нёман” 1:5 (1:2, 0:2, 0:1)
Галы:
07.37 0:1-Баярчук (С.Маляўка, Бадун)
10.54 0:2-Дарафееў (Маркоўскі, Лаканен,-бол.)
11.39 1:2-Казлоў (Каштанаў, Джыг,-бол.)
21.55 1:3-Безайс (Гарбачэнка, Дадонаў)
23.43 1:4-Кіслы (Пасют, Лакконен)
53.42 1:5-С.Маляўка (Коршунаў, А.Маляўка,-бол.)
Пасля матчу галоўны трэнер “Немна” Сяргей Пушкоў пракаментаваў перамогу сваёй каманды.
“Літаральна два дні таму мы правялі вельмі цяжкі матч, першую гульню фіналу Кубка. Я думаю, вельмі шмат сіл было затрачана і фізічных, і маральных, таму пры падрыхтоўцы да гэтай гульні была пэўная размова з хлопцамі аб тым, як паставіцца да гульні, што трэба падысці сур’ёзна.
Задаволены, што не толькі дамагліся выніку, але і як мы гэта зрабілі. Былі добрыя моманты, якія мы стваралі. Можа быць, трохі пакідала жадаць лепшага гульня ў абароне. Гаспадары прымушалі нас дапускаць памылкі ў абароне сваёй актыўнай гульнёй у зоне атакі. Задаволены, што правялі гульню на добрым узроўні на сённяшні дзень. Хлопцаў з перамогай. Малайцы”.
Пасля перамогі над “Віцебскам”, гродзенцы дагналі “Юнацтва” ў турнірнай табліцы і цяпер дзеляць з мінскай камандай другі і трэці радок. У каманд па 30 ачкоў, праўда, у “Юнацтва” на два матчы менш.
Ужо 25-га кастрычніка ў Мінску “Нёман” правядзе найважнейшы адказны матч фіналу Кубка супраць “Юнацтва”. На гэты матч плануецца вялікі выезд групы падтрымкі “Нёмана”. Каб больш даведацца пра выезд, глядзіце тут.


