Фінал Кубка Салея: “Нёман” і “Юнацтва” паказалі ў Гродне захапляльны трылер

Першы матч фіналу Кубка Салея паміж «Нёманам» і «Юнацтвам» завяршыўся на карысць мінскай каманды. У Гродне 18 кастрычнiка супернікі прадэманстравалі моцную і атакуючую гульню, якая прыйшлася даспадобы аматарам хакея.

У гэты вечар паглядзець на супрацьстаянне двух самых моцных каманд краіны прыйшла цэлая арэна. Падтрымка ў гаспадароў на працягу матчу не сціхала.

Ужо з першых хвілін дружына Сяргея Пушкова кінулася ў бой. Добры старт прынёс гарадзенцам і хуткую шайбу, якую закінуў Дадонаў. Госці здолелі адыграцца на 12-й хвіліне, вызначыўся Каракулька.

Старт другога перыяду нагадаў многiм першы – гродзенцам ізноў атрымалася закінуць хуткую шайбу. На гэты раз чырвона-чорныя вызначыліся ў большасцi. Шайбу закінуў Маркоўскі. Але не доўга радаваліся гаспадары: праз 34 секунды Туркін выраўноўвае лiк. А на самай апошняй хвіліне другога перыяду госці здолелі наогул выйсці наперад – дапамог сваёй камандзе Міхноў.

Старт трэцяга перыяду ізноў быў за “Нёманам”. На 16-й секундзе, пасля свістка, Лісічкін зарабіў булiт і сам узяўся яго выконваць. Але брамніка “Юнацтва” нападніку абыграць не атрымалася.

“Не забіваеш ты – забіваюць табе” – праз дзве хвіліны пасля булiта госці забіваюць чарговую шайбу і робяць лiк 4:2 на сваю карысць. Здавалася б, «Нёман» не зможа адыграцца, але трыбуны дапамаглі камандзе знайсці сілы. На 50-й хвіліне вызначыўся Баярчук, а на 52-й Сяргей Маляўка.

Усе чакалі, што “Нёман” дацісне “Юнацтва”, але за дзве хвіліны да канца матчу Рэмезаў парушыў правiлы і пакінуў “Нёман” у меншасці. «Юнацтва» не згубіла свой шанец і забіла вырашальную шайбу ў матчы. Аўтарам пераможнай шайбы стаў Развадоўскі.

“Нёман” – “Юнацтва” 4:5 (1:1, 1:2, 2:2)

Галы:
02.10, 1:0 – Дадонаў (Безайс)
11.14, 1:1 – Каракулька (Кагалёў, Корса)
22.20, 2:1 – Маркоўскі (Пасют, Лаканен,-бол.)
22.54, 2:2 – Туркін (Мялешка, Яфіменка)
39.01, 2:3 – Міхно (Развадоўскі, Корса, -бол.)
42.02, 2:4 – Елісеенка (Нiнiмякi)
50.02, 3:4 – Баярчук (С.Маляўка, А.Маляўка)
52.15, 4:4 – С.Маляўка (А.Маляўка, Баярчук)
58.12, 4:5 – Развадоўскі (Прэтнар, Кагалёў,-бол.)

На гэтым фінал не сканчаецца: праз тыдзень, 25 кастрычніка, каманды сустрэнуцца ў матчы ў Мiнcку. Менавіта ў сталіцы і вырашыцца лёс Кубка Салея.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: