Нягледзячы на буйную паразу, «Ліда» ў чарговы раз прадэманстравала добры абарончы хакей. Гродзенцам давялося пастарацца, каб прарваць абарону гаспадароў, у некаторых выпадках камандзе Сяргея Пушкова дапамагла колькасная перавага.

У складзе гродзенцаў дубль на свой рахунак запісаў Сяргей Маляўка, таксама па шайбе забілі Андрэй Коршунаў, Арцём Кіслы і Вячаслаў Лісічкін. У «Ліды» адзіную шайбу закінуў Яўген Бабiцкi.

«Ліда» — «Нёман» 1:5 (1:2, 0:1, 0:2)

галы:
13.24 0:1 — С.Маляўка (Баярчук, А.Маляўка,-бол.)
13.41 1:1 — Бабiцкi (Качан)
14:10 1:2 — Коршунаў (Баярчук, Бадун)
30.30 1:3 — Кіслы (Лаканен, — бол.)
46.56 1:4 — Лісічкін (Марчанка, Жыдкіх,-бол.)
51.11 1:5 — С.Маляўка (Коршунаў, Баярчук)

Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў пасля пераможнага матчу пахваліў абарончыя дзеянні лідскай каманды.

«Добры матч атрымаўся. Абедзве каманды паказалі хуткі хакей, было шмат момантаў каля варот і гаспадароў, і гасцей, таму ў цэлым па змесце мне гульня спадабалася.

Мы сутыкнуліся з добра пабудаванай абаронай у сярэдняй зоне, якую нам было складана пераадольваць. Шукалі на працягу ўсяго матчу ключы да абароны суперніка, мянялі напрамкі сваiх нападаў.

Спадабалася тое, як мы выглядалі ў пазіцыйным нападзе. І яшчэ вельмі добра патрэніраваліся ў гульні ў меншасці. Так, было некалькі неапраўданых выдаленняў, але добра, што вельмі ўдала згулялі ў няроўных складах".

Чарговая перамога над «Лідай» дазволіла гродзенцам падняцца яшчэ на радок вышэй ў турнірнай табліцы і цяпер «Нёман» займае 3-е месца, і мае ў сваім актыве 27 ачкоў.

А наступную гульню чырвона-чорныя правядуць ужо 18 кастрычніка ў Гродне, дзе сустрэнуцца з «Юнацтвам» у першым фінальным матчы Кубка Салея. Спецыяльна на гэты матч кіраўніцтва «Нёмана» плануе правесці акцыю «пашумяць у фінале», дзе кожнаму заўзятару будуць раздаваць бясплатна палкі-стучалкi (элементы для стварэння шумавога эфекту на арэне).