Паслухаць і абмеркаваць канферэнцыю TEDWomen2016, што пройдзе ў Сан-Францыска, сёлета можна будзе ў Гродне. Тэмай прамоваў стане час — яго размеркаванне, выкарыстанне і значэнне. Прагляд выступаў адбудзецца 29 кастрычніка. Для ўдзелу ў мерапрыемстве патрэбна папярэдняя рэгістрацыя.

Сусветная супольнасць TEDWomen аб’ядноўвае жанчын і мужчын, што зацікаўлены ў вывучэнні змен у сучасным жыцці ды ідэй, што робяцца каталізатарамі будучых перамен. Канферэнцыі TEDWomen уяўляюць сабой трохдзённыя мерапрыемствы, што складаюцца з выступаў, семінараў і дыскусій на абраную тэму.

staronka

«Пад час планавання сёлетняй імпрэзы мы запыталіся ў нашай суполкі: «Што з’яўляецца важным для вас зараз?» — пішуць арганізатары на старонцы мерапрыемства. З лістоў, каментароў і нават малюнкаў, што прышлі ў адказ, вызначылася найбольш актуальная тэма — час.

«Час вельмі асабісты, бо кожны мае па 24 гадзіны ў сутках, але большасць з нас адчувае, што яго ніколі не хапае. Нават з дапамогай сённяшніх найноўшых вынаходніцтваў і тэхналогій мы не можам змяніць ці спыніць час. Ці - ўсё ж такі - можам?» — пошукам адказаў на гэтыя пытанні маюць стаць TED-прамовы.

Dr. Paula Johnson. TEDWomen 2013, SF Jazz Center, San Francisco, CA, December 5, 2013. Photo: Kristoffer Heacox
Dr. Paula Johnson. TEDWomen 2013, SF Jazz Center, San Francisco, CA, December 5, 2013. Photo: Kristoffer Heacox

«Мы будзем ставіць пытанні рубам, і яны будуць тычыцца не толькі цяперашняга часу. Як вырашыць доўгатэрміновыя праблемы зменаў клімату, беднасці, іміграцыі, расізму, гендарнай і эканамічнай няроўнасці? Як рухацца да іншых вынікаў, як змяніць нашы «зберагаючыя час» тэхналогіі і трымаць пад увагай уласную «прысутнасць у моманце»?

Пад час канферэнцыі, абяцаюць арганізатары, прагучыць шмат вартых увагі гісторый, ідэй і прапановаў для вырашэння паднятых пытанняў. З поўнай праграмай імпрэзы ўжо можна пазнаёміцца.

У Гродне шырокі прагляд жывой трансляцыі TEDWomen сёлета арганізоўваецца ўпершыню. Раней гарадзенская TED-суполка двойчы праводзіла ў горадзе «жывыя» мерапрыемствы TEDxYouth, дзе выступалі беларускія спікеры.

TEDxYouth зноў у Гродне: шэсць натхняльных ідэй, здольных змяніць бачанне свету

get_img

Зараз, пад час трансляцыі з Сан-Францыска, усе відэа будуць дэманстравацца па-англійску, без пераклада і субтытраў. Ахвотным далучыцца да прагляду і абмеркавання трэба запоўніць форму для рэгістрацыі. Далейшую інфармацыю атрымаюць толькі зарэгістраваныя ўдзельнікі.

Yerba Buena Center of the Arts, San Francisco. Сёлетняя трансляцыя будзе ісці адсюль
Yerba Buena Center of the Arts, San Francisco. Сёлетняя трансляцыя будзе ісці адсюль

Паводле адной з арганізатарак сустрэчы, перакладчыцы Ганкі Барадзіной, удзел у такога кшталту мерапрыемствах дапамагае не толькі ўзбагаціцца новымі ведамі, але і папрактыкавацца ў англійскай мове. Натхніўшыся ідэямі, вартымі распаўсюду, можна ў далейшым далучыцца да сусветнай каманды TED, каб рыхтаваць уласныя прамовы ці перакладаць выступы іншых на родную мову. Сама Ганка ўдзельнічае ў TED-руху некалькі гадоў, летась яна брала ўдзел у TED-саміце перакладчыкаў, што праходзіў у Канадзе.

13626395_10157077263355720_41416140048804554_n