Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Калі не можаш падзяліцца зрокам. Як гродзенскія школьнікі ствараюць кнігі для невідушчых дзяцей

“Гэта трохкутнік, я адчуваю тры бакі. Яны навобмацкі як ломаныя лініі, маюць зубчыкі. І гэта фігура цвёрдая. Вось і ўсё”. Наста Якубовіч адкрывае вочы і зноў бярэцца за голку і ніткі. Тое, што фігура жоўтая, а ніткі шэрыя, для чытачоў кніжкі, якую Наста і яе аднакласніцы “пішуць”, застанецца невядомым.  

Навошта было спраўджваць свае адчуванні і што за кнігі ствараюць школьнікі, якія на летніх канікулах прыходзяць у школу?  Яны спрабуюць паставіць сябе на месца чытачоў тактыльны кніг — дзяцей, што пазбаўленыя зроку.

Першыя 6 такіх кніг школьнікі Кастрычніцкага раёна Гродна зрабілі цягам навучальнага года і на пачатку чэрвеня перадалі ў  бібліятэчную сістэму горада. На канікулах вырашылі працу над кнігамі прадоўжыць

Усё пачалося з экскурсіі

У школе №35 жаданне ствараць тактыльныя кнігі з’явілася пасля адной з “прамысловых” экскурсій, што арганізуюць для навучэнцаў цягам года. “Мы наведвалі розныя прадпрыемствы горада, былі на шклозаводзе, хадзілі у пажарную частку, на “Молочный мир” і вось на чарговую экскурсію дамовіліся з прадпрыемствам “БелТІЗ”, дзе дзеці пазнаёміліся з невідушчымі супрацоўнікамі”, – распавядае аб пачатку гісторыі завуч Анжаліка Казлова.

“Вы не ўяўляеце, наколькі гэта нашых рабят кранула, наколькі многія з іх былі проста шакаваны, у якой інфармацыйнай ізаляцыі сёння, калі свет такі адкрыты, могуць знаходзіцца невідушчыя людзі”.

Пытанні – “Чым  можна дапамагчы? Што зрабіць?” у такой сітуацыі прагучалі цалкам натуральна. Так школьнікі даведаліся ад праекце “Цёплыя кніжкі”, што ад 2015 года ладзіццца ў гарадской бібліятэцы.

Ілюстрацыі з-пад голкі

Настаўнікі хваляваліся напачатку, ці змогуць дзеці зрабіць усё як след. Звярталіся да спецыялістаў па кансультацыі і паступова даведаліся пра тэкстыльныя кнігі шмат. Напрыклад, што выявы жывёлаў маюць абавязкова быць паказанымі з усімі чатырма нагамі, а птушка  — з абодвума крыламі.

Тактыльныя кніжкі фарміруюць у невідушчых дзяцей уяўленне аб жыцці, таму маюць заўсёды быць дакладнымі. Формы выяваў трэба рабіць простымі, без лішніх дэталяў, а элементы аздобы выбіраць так, каб “чытаючы” такія карцінкі можна было з іх вучыцца

Напрыклад, на старонцы з аплікацыяй абутку ёсць сапраўдныя шнуркі. Можна не толькі тактыльна пазнаць рэч, а яшчэ і патрэніравацца шнураваць.

Кніжкі для невідушчых маюць не толькі пазнаёміць з навакольным асяроддзем, але і навучыць карысным навыкам

“Той візіт даў магчымасць нашым школьнікам зазірнуць у іншы свет, усвядоміць, што побач ёсць людзі, чыё жыццё вельмі ад звыклага ім адрозніваецца. І зараз я бачу, як яны шчыра радуюцца поспеху. Дзецям важна ведаць, што яны робяць карысную справу”.

Загадкавы Брайль

Яшчэ адна дзяўчынка, Наста Трухановіч, што таксама зараз працуе над кнігай “Мір фігур”, кажа, што для яе гэта праца — найперш магчымасць падзяліцца:

“Хачу, каб другія таксама даведаліся, што ёсць вакол нас.  Мы не можам падзяліцца з імі зрокам, то дапаможам хаця б стварыць уласнае ўяўленне пра свет”, – разважае дзяўчынка. Кажа, што і сама шмат даведалася, калі пачала працаваць над кнігамі. “Аказваецца, у невідушчых ёсць свой алфавіт, яны могуць і чытаць і пісаць. Я таксама спрабавала чытаць пальцамі – гэта так хвалююча і нават трохі балюча”.

Нішуць Брайлем праз адмысловую рамку з адваротнага боку прапітанай спецыяльным складам паперы. Кожная літара мае адпаведную камбінацыю аб’ёмных кропак

Тэкст, напісаны шрыфтам Брайля, ёсць у некаторых са створаных школьнікамі кніг. Пісаць ім для відушчых можа нават цяжэй, чым для невідушчых, разважае Дзмітрый Трафімчык, педагод дадатковай адукацыі, што кіруе групай па стварэнню тактыльных кніг у школе №35: “Радкі трэба пісаць справа налева, а літары — у люстэркавым адбітку”.

Са словаў педагога, ён пазнаёміўся з гэтым шрыфтам яшчэ ў дзяцінстве, бо даглядала яго невідушчая бабуля: “Пакуль мама была на рабоце, я амаль увесь час бавіў з бабуляй і сярод іншых невідушчых людзей. Так і зацікавіўся — як жа яны там па-свойму пішуць”.

Праўда, пісаць хутка і граматна да гэтай пары цяжка, прызнаецца Дзмітрый. Права на памылку пісьмо Брайлем не дае. Кожная кропачка мае быць на месцы, а выправіць напісанае немагчыма. Таму тэкставыя старонкі ў “цёплых кніжках” дапамаглі зрабіць дабраахвотнікі з БелТІЗ – Яўген Паплаўскі і Таісія Аляновіч.

Меркаванні першага чытача

Першым пратэставаў новыя кнігі на чытальнасць і пазнавальнасць вобразаў Валерый Буднік. Ён таксама не бачыць, а ў БелТІЗ працуе інструктарам на інфармацыйных тэхналогіях, дапамагае невідушчым людзям асвойваць камп’ютары і смартфоны.

Чытайце яшчэ:  Невідушчыя людзі таксама чытаюць: у Гродне робяць гістарычныя кнігі даступнымі інвалідам па зроку

Кніжкі, паводле Валерыя, атрымаліся інфарматыўнымі і па-сапраўднаму цёплымі. Асабліва спадабаўся яму конік да верша Агніі Барто “Я люблю свою лошадку”: “Вельмі пазнавальна зроблена – і тулава, і поўсць, і нават расчоска прымацавана, каб расчасаць коніку грыўку”. Вучням са спецыялізаванай школы для дзяцей з аслабленым зрокам кніжка, напэўна, таксама спадабаецца.

Наталля Наземцава, загадчыца аддзела маркетынгу гарадской бібліятэкі і Валер Буднік, інструктар таварыства БелТІЗ першымі знаёмяцца з «цёплымі кніжкамі»

Што яшчэ пачытаць невідушчым?

Наталля Наземцава з гарадской бібліятэкі імя Макаёнка расказала, што праект з “цёплымі кнігамі” – не адзіны захад у дапамозе невідушчым. Раней намаганнямі бібліятэк некалькі кніг пра Гродна былі выдадзены ў аўдыяфармаце і перададзены ў спецыялізаваную бібліятэку для невідушчых.

“Сёлета мы таксама ладзілі краўдфандынг, каб сабраць сродкі на агучку некалькіх кніг Віктара Саяпіна. Але, на жаль, змаглі сабраць толькі 10% ад патрэбнай сумы. Гэтага хопіць толькі на агучку найменшай з трох выбраных кніг – “Страчаная архітэктура Гродна”. Астатнія будуць чакаць на фундатараў”.

Інклюзія- гэта рух насустрач з абодвух бакоў

Тое, што падтрымалі ініцыятыву па стварэнні тактыльных кніг менавіта ў школах — вельмі добра і цалкам натуральна, лічыць інструктар з Кастрычніцкага аддзела адукацыі Алена Бандарчук. Інклюзія ў адукацыі гэта не толькі пашырэнне магчымасцяў для дзяцей з асаблівымі патрабаваннямі, кажа яна. Сустрэчны рух – калі звычайныя дзеці ўключаюцца ў дапомогу тым, хто не мае ўсіх магчымасцяў пазнаваць свет, не менш важная. Праз удзел у праекце ўяўленні пра свет пашырацца і ў яго выканаўцаў. З такіх дзяцей бяздушныя эгаісты дакладна не вырастуць.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments