У Гродне 16 лютага прайшла рабочая сустрэча кіраўнікоў вобласці і горада з нагоды далейшага лёсу Старога замка. На сустрэчы, на якой таксама прысутнічалі праекціроўшчыкі і архітэктары, было агучана, што ў 2017 годзе рэстаўрацыйныя работы ў Старым замку працягнуцца, на гэта вылучаны 1 млн рублёў.
Адной з галоўных тэм сустрэчы было выразнае планаванне дзеянняў і аб’ёмаў работ на тэрыторыі аб’екта.
«У Старым замку ў гэтым годзе работы працягнуцца, фінансаванне мы знайшлі - гэта самае галоўнае. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца з двух крыніц: сродкі абласнога бюджэту і сродкі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Агулам будзе вылучана 1 млн рублёў. Мы зараз вызначаем паэтапна, як мы будзем асвойваць гэтыя грошы, каб максімальна ў кароткія тэрміны атрымліваць новыя музейныя экспазіцыі, каб людзі маглі бачыць і наведваць замак, а не так, каб яго на 10 гадоў зачыняць», — распавёў Hrodna.life старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.
Зараз у Міністэрстве культуры на ўзгадненні знаходзяцца некаторыя праекты для ажыццяўлення работ на тэрыторыі замка. Плануецца, што будаўнічыя работы ў замку могуць пачацца ў сакавіку-красавіку. Пры неабходнасці, да работ на тэрыторыю аб’екта могуць запрасіць і замежных спецыялістаў.