Навіны

На гродзенскай «Радыёхвалі» супрацоўнікі пішуць заявы на звальненне. Працы ўсё менш і на іншых прадпрыемствах

Супрацоўнікаў гродзенскага завода «Радыёхваля» адпраўляюць у адпачынак за свой рахунак. Некаторыя пачалі пісаць заявы на звальненне, бо працы няма і не прадбачыцца. Пра гэта Hrodna.life распавяла блізкая да завода крыніца.

Гродзенскі завод «Радыёхваля»

«Вытворчасць пакуль не спынілі, робяць з астачы. 30% прадукцыі ішло ва Украіну. Большая частка — на Volkswagen у Расію. Зараз усё прыпынена. Магчыма, пакуль яшчэ робяць на ўнутраны рынак генератары», — сказала блізкая да Hrodna.life крыніца.

Звальняюцца і ідуць працаваць у турму

«Праходзіў мужчына з „хвалі“ ["Радыёхвалі» — заўв. Hrodna.life]. Уладкоўваецца ў турму", — напісала Hrodna.life лекарка агульнай практыкі адной з гродзенскіх паліклінік.

«Наш сусед там працуе [на „Радыёхвалі“ — заўв. Hrodna.life]. Кажа, людзей выклікаюць і просяць пісаць заяву [на звальненне] па пагадненні бакоў. А прычына, думаю, зразумела. Няма працы, відаць. Санкцыі пачынаюць дзейнічаць», — напісала адна з чытачак Hrodna.life

Рэдакцыя Hrodna.life патэлефанавала на завод «Радыёхваля». Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Аляксандр Зайцаў адмовіўся ад каментароў па тэлефоне. Ён спаслаўся на тое, што гэта працоўныя адносіны ўнуты прадпрыемства.

Вытворчасць жгутоў на «Радыёхвалі». Фота: сайт прадпрыемства

Звальняюць не толькі на «Радыёхвалі»

Заяву на звальненне па згодзе бакоў прымушаюць пісаць таксама на прадпрыемстве «ABC». Пра гэта Hrodna.life паведаміў адзін з падпісчыкаў.

Складаная сітуацыя і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Частку супрацоўнікаў Беларускай Чыгункі пераводзяць на скарочаны графік працы. Працоўным скарацілі і сацыяльныя выплаты. Пасля гэтага можа быць скарачэнне штату, напісаў беларускі тэлеканал, які вяшчае з Польшчы.

«Пра зваальненні маўчаць. Нават наадварот, могуць дадаткова ўзяць людзей. Гэта папахвае практыкай 2015−2016 гадоў. Прымусяць хадзіць за свой рахунак „па сямейных абставінах“ два дні ў месяц. „Адпачыначныя“ ў нас зараз менш рублёў на 500. Заробак таксама на парадак падае», — сказаў Hrodna.life адзін з супрацоўнікаў Беларускай Чыгункі.

На Гомельскім хімічным заводзе частку супрацоўнікаў таксама адправілі ў адпачынак, напісала «Радыё С*****а». Гэта звязана з вайной Расіі супраць Украіны і разрывам у ланцужку паставак.

Чаму ў супрацоўнікаў «Радыёхвалі» няма працы

Асноўны замоўца жгутоў «Радыёхвалі» — «Фальксваген Груп Рус». З-за вайны ва Украіне канцэрт Volkswagen Group спыніў вытворчасць аўто Калузе і Ніжнім Ноўгарадзе. У канцэрне паведамілі, што яго супрацоўнікі ў Расіі атрымаюць кароткачасовую дапамогу.

Супрацоўнікаў гродзенскага завода «Радыёхваля» пачалі выпраўляць у адпачынкі ў пачатку сакавіка, бо «жгуты няма для каго вязаць».

Чытайце таксама: «Няма для каго вязаць жгуты». Што адбываецца ў Гродне на «Радыёхвалі», шчыльна звязанай са спыненымі расійскімі заводамі

Спыняць вытворчасць пачалі і іншыя, размешчаныя ў Расіі замежныя аўтамабільныя заводы, напрыклад альянсу Renault-Nissan. Пры гэтым асобныя прадстаўнікі расійскіх уладаў пачалі казаць пра магчымую нацыяналізацыю такіх прадпрыемстваў або варыянты самастойнай прадукцыі аўто. Віцэ-спікер расійскай Дзярждумы Пётр Талстой у эфіры праграмы выдання «Комсомольская правда» прапанаваў на заводах Volkswagen выпускаць дакладныя копіі аўтамабіляў пад назвай «Буратино».

Эксперт: Фінансавыя праблемы нарастаюць як снежны ком

Эканаміст Алесь Аляхновіч, віцэ-старшыня Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, у артыкуле для Z*****o.io піша, што скарачэнне вытворчасці на прадпрыемствах і скарачэнне занятасці ў Беларусі будзе непазбежным.

«У прыватнасці Еўразвяз забараніў пастаўкі прыкладна 70% тавараў, якія Беларусь пастаўляла туды. А ЗША, Канада і Вялікабрытанія пазбавілі Беларусь рэжыму найбольшага спрыяння, што павысіць мыты на экспарт беларускіх тавараў у гэтыя краіны. Напрыклад, у выпадку Канады гэта азначае 35% мыта на беларускія тавары. Праз вайну мы страцілі пастаўкі ва Украіну, у якую ў мінулым годзе адправілі амаль 14% свайго экспарту. Праз падзенне пакупніцкай здольнасці расейцаў і рэцэсію ў іх эканоміцы істотна ўпадзе экспарт у Расею, куды пайшоў 41% беларускіх тавараў летась. Такім чынам, праз вайну і санкцыі беларускі экспарт можа скараціцца прыкладна на 40%», — падлічыў ён.

Для асобных прадпрыемстваў і галін эканомікі скарачэнне будзе яшчэ большым і будзе пагражаць банкруцтвам, лічыць Аляхновіч. «Праблемы ўжо адчуваюць „Беларуськалій“, „ГроднаАзот“ і Гомельскі Хімзавод, „Беларусьнафта“, „Нафтан“ і „Палімір“, Мазырскі НПЗ, БМЗ, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, „Гомсельмаш“, „Беларуская чыгунка“ і „Санта-Брэмар“. Але праблемы адчуваюцца і на меншых заводах, такіх як Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў і „Завод зварачных электродаў“ у Светлагорску».

З-за санкцый у адносінах да банкаў некаторыя беларускія прадпрыемствы ўжо сутыкаюцца з немагчымасцю аплаціць або прыняць аплату за замежныя пастаўкі, а таксама вымушаныя абмежаваць дзейнасць праз адсутнасць імпартных камплектуючых. Нават беларуска-кітайскі завод «БелДжы» да 1 красавіка сышоў у адпачынак праз лагістычныя праблемы з пастаўкамі з Кітая, дае прыклад Аляхновіч.

Фінансавыя праблемы нарастаюць як снежны ком і хутка прывядуць да скарачэння прэмій і даплат, якія былі прадугледжаны калектыўнымі дамовамі. Да гэтага ўжо дайшло на «Беларускай чыгунцы» і «Нафтане». У недалёкай будучыні можна чакаць і затрымкі выплат заробкаў, прадказвае Аляхновіч.

З кім яшчэ працуе «Радыёхваля»

ААТ «Радыёхваля» з 2003 года вырабляе аўтамабільныя электражгуты для кампаніі SUMITOMO ELECTRIC BORNETZE Gmbh. Прадукцыя пастаўлялася на канвееры аўтамабільнага канцэрна Volkswagen. З 2013 года пачалі вытворчасць электраправодных жгутоў для завода Volkswagen у Ніжнім Ноўгарадзе. На «Радыёхвалі» вяжуць жгуты для аўтамабіляў Volkswagen Jetta, Skoda Octavia і Skoda Yeti, з 2018 года — для Skoda Kodiag, з 2019 — да аўтамабіляў Volkswagen Polo і Skoda Karoq. З 2020 года рэалізуецца новы праект Volkswagen Taos. Прадукцыя пастаўлялася на канвееры заводаў Volkswagen AG у Ніжнім Ноўгарадзе і Калузе.

Таксама «Радыёхваля» супрацоўнічае з Мінскім аўтамабільным заводам, Мінскім маторным заводам, Мінскім трактарным заводам, Мінскім заводам колавых цягачоў, ААТ «Гомсельмаш», ААТ «БЕЛАЗ», Ульянаўскім аўтамабільным заводам і АТ «УМЗ» (Расія). Ёсць партнёры ў галіне пастаўкі камплектоўных да аўтатрактарнай тэхнікі ва Украіне, Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Сербіі, Малдове, В’етнаме, Камбоджы, Кіргізіі, Казахстане, Узбекістане, Азербайджане, Пакістане, Егіпце і на Кубы, сказана на сайце прадпрыемства.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024