У сакавіку 2021 года работнікі Гродзенскага механічнага завода пераходзяць на чатырохдзённы працоўны тыдзень з паніжэннем зарплаты. У лютым завод ужо абвясціў пра прастой з-за адсутнасці заказаў, распавёў Hrodna.life супрацоўнік, які прапрацаваў на прадпрыемстве больш за 10 гадоў. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі кажа, што не хоча скарачаць людзей і ідзе на аптымальныя меры. Карэспандэнт Hrodna.life пагаварыла з супрацоўнікамі і кіраўніцтвам завода.

На Гродзенскім механічным заводзе два цэхі, у кожным — па некалькі вытворчых участкаў. Работнікі цэхаў зладзілі бунт 4 лютага, таму што дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі паведаміў ім пра загад аб іх пераводзе на сярэдні заробак у пятніцу 5 лютага. Загадам аформілі вымушаны прастой прадпрыемства. Гэта значыць, на працу выходзяць не ўсе супрацоўнікі, а непрацуючым выплачваецца 2/3 сярэдняга заробку за дзень.

Супрацоўнікі заводакіраўніцтва — бухгалтары, тэхнолагі, канструктары — працуюць за фіксаваны аклад з надбаўкамі і пры прастоях губляюць у зарплаце нязначна. У супрацоўнікаў цэхаў заробак здзельна-прэміяльная. Калі працы няма, зарплата памяншаецца.

Супрацоўнікі Гродзенскага механічнага завода страцяць у зарплаце з-за прастою і "чатырохдзёнкі" - няма замоваў
Гродзенскі механічны завод. Фота: yandex.by

«Рабочыя прад’явілі ультыматум і сказалі, што звернуцца ў незалежны прафсаюз, каб у ім праверылі расцэнкі на выкананыя працы — у іх здзельна-прэміяльная аплата працы. Таксама яны сказалі, што выкажуць вотум недаверу да кіраўніка прадпрыемства. Пасля гэтага дырэктар адправіўся на размову з работнікамі», — распавёў Hrodna.life супрацоўнік заводу аб сітуацыі 4 лютага.

На пятніцу 19 лютага таксама аформлены загад аб прастоі. Гэта значыць, супрацоўнікі не выходзяць на працу. У заводакіраўніцтве могуць у кожным аддзеле пакінуць дзяжурнага работніка для сувязі з заказчыкамі або пастаўшчыкамі.

Чатырохдзёнка і цякучка

Гродзенскі механічны завод працуе больш за 30 гадоў. Тут вырабляюць аўтамабільныя і іншыя маторныя транспартныя сродкі, прычэпы і паўпрычэпы, машыны і абсталяванне для здабычы карысных выкапняў і будаўніцтва, металічныя цыстэрны, рэзервуары і кантэйнеры, пластмасавыя вырабы. Прасцей кажучы, малакавозы, бензавозы — спецтэхніку для перавозкі небяспечных грузаў і нафтапрадуктаў, перавозкі харчовых і тэхнічных вадкасцяў, і іншыя вырабы з металу.

На сакавік 2021 года падпісаны загад на чатырохдзёнку, пенсіянеры будуць працаваць тры дні на тыдзень, сказаў супрацоўнік Hrodna.life. Чатырохдзённы працоўны тыдзень увялі для эканоміі сродкаў пры часовай адсутнасці заказаў.

На прадпрыемствы «дзікая» цякучка кадраў у цэхах, яго пакідаюць таленавітыя спецыялісты, распавялі Hrodna.life дзве крыніцы. Па словах дырэктара Сяргея Івароўскага, цякучка звычайная, большасць супрацоўнікаў працуюць шмат гадоў.

Сярэдняспісачная колькасць працуючых за 2015 год складала 206 чалавек, за 2016 год— 201, 2017 — 190, 2018 — 203, 2019 — 189, гаворыцца ў справаздачных дакументах на сайце прадпрыемства. Паводле таго ж сайту, на 2013 год там працавалі 279 чалавек.

Умовы працы

Скардзяцца супрацоўнікі і на ўмовы працы: тэмпература ў цэхах складае ад 2+ да 8 + градусаў. Са слоў работніка, няма сродкаў, каб уцяпліць цэхі, як і на абнаўленне абсталявання. У цэхах было холадна і ў 2006−2007 гадах, распавёў супрацоўнік Hrodna.life, які працаваў тады. Узімку даводзілася працаваць у фуфайках — не працавалі ТЭНы (электранагравальныя прыборы) у сістэме вентыляцыі.

Дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі абверг гэта ў размове з Hrodna.life. Па яго словах, на заводзе уцяплілі дах і замянілі дзверы, тэмпература аптымальная — «хочаце, прыязджайце праверыць».

Калі пачаліся праблемы?

Гродзенскі механічны завод уключаны ў склад холдынгу «БелаўтаМАЗ» у 2013 годзе, да гэтага з 1997 года быў у складзе «Белнафтахіма». Па словах крыніцы, у складзе «Белнафтахіма» ў завода было так шмат заказаў, што даводзілася працаваць у суботу, каб паспяваць. Часта заказвалі розныя аўтацыстэрны і аўтапалівазапраўшчыкі для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, абсталяванне і ёмістасці для захоўвання паліва для заправачны станцый, а ўся ўнутраная тэрыторыя завода была занятая сотняй шасі пад малакавозы.

Супрацоўнікі Гродзенскага механічнага завода страцяць у зарплаце з-за прастою і "чатырохдзёнкі" - няма замоваў
Прадукцыя Гродзенскага механічнага заводу. Фота: grodnonews.by

З уступленнем у Мытны саюз Еўразійскага эканамічнага саюза (МС ЕАЭС) прадукцыя завода падаражэла, з-за чаго не можа канкураваць з расійскімі вытворцамі. «Нашым прадпрыемствам харчовай прамысловасці танней купіць цыстэрну для перавозкі малака ў Расіі, чым у нас», — распавёў работнік завода.

Пасля ўступлення ў Мытны саюз прадукцыя падаражэла з-за новага тэхнічнага рэгламенту — павялічыўся дакументаабарот, колькасць выпрабаванняў, колькасць розных сертыфікатаў і адабрэнняў. Адсюль вырас сабекошт прадукцыі. «Калі, дапусцім, раней дакументацыя і сертыфікацыя каштавалі 10% ад кошту машыны, то пасля ўступлення ў дзеянне гэтага рэгламенту ўсе 30%», — параўнаў цэны крыніца Hrodna.life.

Параўнаць цэны Hrodna.life не атрымалася, бо іх няма ў адкрытым доступе на сайтах ні беларускіх, ні расійскіх прадпрыемстваў.

Мытны саюз ЕАЭС — пагадненне паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза, складзенае для стварэння камфортных умоў гандлю паміж дзяржавамі-удзельніцамі ЕАЭС. Размова, у першую чаргу, ідзе аб адмене мытных плацяжоў і павелічэнні тавараабароту. Зараз туды ўваходзіць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан.

Крыніца: myfin.by

За кошт чаго выжывае завод

Звесткі аб выручцы на сайце завода ёсць не за кожны год. З іх вынікае, што выручка нестабільная: у 2017 годзе яна склала 13 483 000 рублёў, у 2018 годзе — 19 980 000, у 2019 годзе — 13 678 000.

Супрацоўнікі Гродзенскага механічнага завода страцяць у зарплаце з-за прастою і "чатырохдзёнкі" - няма замоваў
Калектыў Гродзенскага механічнага заводу. Фота: grodno.mchs.gov.by

— Мы яшчэ больш-менш трымаемся за кошт вырабаў на шасі БелАЗ, на розныя горна-абагачальныя камбінаты (комплекснае горнае прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў, ГАК — Hrodna.life) у Расіі — «Апатыт» у Мурманскай вобласці, Лебядзінскі ГАК у Белгародскай вобласці, Казахстане і Афрыцы, таму што нашаму былому галоўнаму інжынеру Генадзю Анушкевічу прыйшло ў галаву запатэнтаваць нашы канструктарскія распрацоўкі. Вось за кошт гэтага эксклюзіву завод і выжывае, — распавяла крыніца Hrodna.life.

На Гродзенскім механічным заводзе стварылі больш за 40 уласных распрацовак. Гэта віды і мадыфікацыі аўтатранспартных сродкаў для перавозкі розных рэчываў у цыстэрнах (нафтапрадукты, кіслоты, малако, спірт, і іншае). На сайце прадпрыемства гэта называюць галоўным дасягненнем.

Дырэктар: гэта часова

Завод сапраўды перажывае цяжкасці, распавёў Hrodna.life дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі. Ён звязвае цяжкасці з пандэміяй — замоваў стала менш і выраслі цэны на закупку сыравіны. Паводле яго слоў, гэта часова: прадпрыемства ўжо выйграла некалькі конкурсаў, хутка падпішуць дагаворы. Сярод кліентаў — расійскія прадпрыемствы.

Пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень дырэктар лічыць аптымальным варыянтам. «Можна было пачаць скарачаць людзей, але ў нас стаіць мэта захаваць калектыў», — сказаў ён Hrodna.life.