У 2008 годзе ў Гродне знеслі адзін з пяці самых старых будынкаў горада. І ніхто гэтага не заўважыў, бо гісторыкі і самі яшчэ пра яго амаль нічога не ведалі.
«Рэканструкцыя» Гродна, якая праводзілася былым губернатарам Уладзімерам Саўчанкам у 2005−2009 гг., была суцэльным кашмарам для гісторыка-культурнай спадчыны горада. Закатаная ў плітку Савецкая плошча, знос будынкаў на Новым Свеце, знесеная карэтная палаца віцэ-адміністратара 18 ст. — гэты спіс можна доўжыць і доўжыць…
Аднак некаторыя суперкаштоўныя будынкі Гродна зніклі ў тыя гады так і не будучы «апазнанымі» гісторыкамі. Веды пра архітэктуру нашага горада былі яшчэ занадта слабыя, каб належным чынам ацаніць маштаб пагрозы і паспрабаваць абараніць гэтыя будынкі.
Напрыклад, быў развалены адзін з магнацкіх палацаў на Падоле, які лічыўся сціплай прыбудоўкай да былога тэкстыльнага камбіната.
Але самай вялізнай стратай стала знічшэнне былых каралеўскіх канюшняў, узведзеных яшчэ ў 16 ст. Там трымалі сваіх коней каралі Жыгімонт Аўгуст і Стэфан Баторый. Выглядае, што гэты будынак уваходзіў у пяцёрку самых старых будынкаў нашага горада. Сёння пра яго разбурэнне пісалі б усе сайты, а тады проста не заўважылі.
Раскажам яго гісторыі пры дапамозе малюнкаў, планаў і фатаздымкаў.




