Маладая беларуская акторка Аляксандра Борціч стала вядомай дзякуючы ролям у фільмах «Як мяне завуць», «Духless-2», «Стрэл» і «Вікінг». Дзяўчына трапіла ў топ-9 акторак 2015 года па версіі часопіса GQ. А яшчэ яе называюць беларускай Джэніфер Лоўрэнс і «надзеяй рускага кінематографа». Аказваецца, акторка вельмі цесна звязана з Гродна.

Хоць Аляксандра і нарадзілася ў Светлагорску, але пасля разводу бацькоў пераехала ў Гродна, дзе яе выхоўвала бабуля да 10 гадоў. У той час маці Аляксандры жыла ў Маскве, пасля яна забрала Аляксандру да сябе. Дзяўчына па ранейшаму любіць Гродна i час ад часу прыязджае сустракацца з бабуляй і сябрамі.

Пра акторку загаварылі ў Беларусі пасля прэм’еры расiйскага фільма «Вікінг», дзе Борцiч зайграла ролю князёўны Рагнеды. Hrodna.life сабраў 10 цiкавых фактаў пра маладую зорку.

Аляксандра ў Гродне з мамай, студзень 2017 года. (Фота са старонкі ВК актрысы)
Аляксандра ў Гродне з мамай, студзень 2017 года. (Фота са старонкі ВК акторкi)

1. Аляксандру гнабілі аднакласнікі

У школе ў Аляксандры не складваліся адносіны з аднакласнікамі - з-за яе дзіўных захапленняў, густаў у музыцы і вопратцы. «Мне часта казалі, што я тупая, таму што чытаю кнігі і слухаю рок, але ў маім жыцці гадоў да 16−17 наогул ніякай музыкі, акрамя хард-рока і хэві-металу не было. Гэта цяпер я разумею, што неабавязкова насіць футболку Led Zeppelin, каб слухаць iх. Увогуле, я сама іх правакавала».

Зараз Саша ўжо не адчувае з гэтай нагоды ніякіх расчараванняў і крыўд. Ну, а раней яе суцяшэннем была музычная школа.

2. Борцiч грае не толькі ў кіно, але і на музычных інструментах

Дзяўчына з 8 гадоў займалася ў музычнай школе, грала на саксафоне ў аркестры. Як сцвярджае Саша, менавіта дзякуючы музычнай школе ў яе з’явілася любоў да інструментальнай, жывой музыкі, асабліва яна любіць Вагнэра.

3. Акторка не мае тэатральнай адукацыі

Школу Саша скончыла ў Маскве. Актрысай дзяўчына захацела стаць яшчэ калi была дзесяцікласніцай. Тады разам з лепшым сябрам яна запісалася на заняткі ў тэатральную студыю ў Палацы піянераў.

Пасля школы Саша хацела паступіць у адзін з маскоўскiх тэатральных ВНУ, але не змагла пераадолець велізарны конкурс. Яна паступіла на педагагічны факультэт, адкуль збегла пасля двух месяцаў вучобы.

4. Да таго, як стаць зоркай, працавала год афіцыянткай

Пасля няўдалай спробы паступіць у тэатральны і вучобы на педагагічным факультэце, Аляксандра зразумела, што не хоча марнаваць на гэта сваё жыццё. Замест нецікавай ёй спецыяльнасці яна пайшла класічным шляхам акцёраў-пачаткоўцаў: стала хадзіць на кастынгі, а на жыццё зарабляла афіцыянткай у кафэ.

«Што трэба? Чаго прыперліся? Пажраць? Ну на…». І ўсе такія: «Ха-ха-ха, якая ты смешная». Ну яны ж разумелі, што гэта жарт. А наогул гэта цяжкая праца- 13−14 гадзін на нагах. Поўныя попельніцы, куча бруднага посуду на сталах, а я адна, нічога не паспяваю. Але ўсё роўна там было весела", — успамінае Борцiч.

Эпатажная і раскаваная Аляксандра. (фота livestory.com)
Эпатажная і раскаваная Аляксандра. (фота livestory.com)

5. Аляксандра не ўжывала алкаголь да 18 гадоў і важыла больш за 70 кг

Дзяўчына даволі крытычна ставіцца да алкаголю і імкнецца сачыць за фігурай. Саша рэгулярна ходзіць у трэнажорную залу і займаецца танцамі. Як сцвярджае сама акторка, у яе ёсць схільнасць да паўнаты. Зараз, гледзячы на фатаграфіі тоненькай юнай прыгажуні, складана паверыць, што яна важыла 70 кг. Для ролі ў фільме «Як мяне завуць» Сашы прыйшлося скінуць пяць кілаграмаў. Але юная актрыса разумее, што яна сама павінна быць зацікаўлена ў тым, каб заўсёды быць у добрай форме. «Калі для ролі неабходна распранацца, я не павінна казаць: «Ой, толькі прыкрыйце мне жывот», — распавядае Аляксандра.

6. Саша выступае за легалізацыю аднаполых шлюбаў

Аляксандра выступае за ўзаконенае аднаполае каханне. «Мяне гэта вельмі раздражняе, я заваджуся як бык, калі бачу, што нехта праяўляе неталерантнасць. Якая розніца, якой чалавек арыентацыі? Якая розніца, з кім ты сэксам займаешся?», — кажа яна.

7. Акторка любіць вылаяцца і выступае супраць забароны на мат

Калі Аляксандра здымалася ў рэжысёра Ані Мелікян, ёй трэба было граць сцэну сваркі. Саша так увайшла ў смак, што і сама не заўважыла, як перайшла на мат і раскідванне ўсяго, што было пад рукамі. Дзяўчына лічыць, што той момант атрымаўся вельмі яркiм, рэалістычным і крутым, але перазняць сцэну ўсё ж прыйшлося.

«Мне здаецца, калі палітыка спрабуе дыктаваць сферам мастацтва як існаваць — гэта няправільна. Людзі, якія нічога не ствараюць, раптам спрабуюць ствараць каноны», — адзначае Аляксандра.

Актрыса ў фільме "Вікінг"
Актрыса ў фільме «Вікінг»

8. У плане рэлігіі Саша лічыць сябе агностыкам

Актрыса хрышчоная, але рэлігійных звычак у яе няма. Як кажа Аляксандра, ёй падабаецца хадзіць у царкву, таму што там асаблівая атмасфера, пах. «Я не магу сказаць, што веру ў Бога, і што я сапраўды ведаю: ён ёсць. Я не магу сказаць, што вiно — яго кроў, а хлеб — цела. Але я таксама не магу сцвярджаць, што яго няма».

9. Аголеная наезніца марыць заняцца верхавой яздой

Акторка марыць заняцца верхавой яздой. Некаторы досвед у Сашы ўжо быў. У адной са сцэн фільма «Няўлоўныя» яна праехалася на белым кані цалкам аголеная па Маскве.

«І ў той момант я думала толькі пра тое, як бы нагамі каня абхапіць і не зваліцца. Гэта мяне выратавала. У мяне быў такі наравісты конь», — успамінала акторка.

Адна з сцэн у фільме "Няўлоўныя".
Адна з сцэн у фільме «Няўлоўныя».

10. Першае і другое каханне ўсяго жыцця Аляксадры

Цяпер Аляксандра жыве ў Маскве і сустракаецца з акцёрам Іллёй Маланіным, з якім пазнаёмілася на здымках фільма «Няўлоўныя». Улетку 2016 года Борцiч апублікавала ў сваім Instagram фота з Iллём, на якім паказала заручальны пярсцёнак, суправадзіўшы яго хэштэгам #justmarried (з англ.- маладыя). Усе вырашылі, што пара распісалася, але пазней акторка патлумачыла, шлюб — гэта толькі эпізод са здымак другога сезону серыяла «Паліцэйскі з Рублёўкі».

Акцёры жывуць разам і часта гуляюць са сваім англійскім бульдогам Джагерам, якога актрыса называе «другой любоўю ўсяго жыцця».