7 лістапада плошча Леніна стала своеасаблівым музеем. Падзівіцца на тое, што адбывалася, прыйшлі не толькі гараджане, але і турысты, сярод якіх быў Міраслаў з польскага Вроцлава. Мітынг і транспаранты перанеслі 40-гадовага мужчыну ў эпоху камунізму. У гэты дзень у Гродне адзначаць 100-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі прыйшло каля 70 чалавек.

З 10 раніцы на плошчы Леніна сталі збірацца першыя мітынгоўцы — пенсіянеры, у асноўным прадстаўнікі камуністычнай партыі. Усе прыходзілі святочна апранутыя і абавязкова з чырвонымі гваздзікамі. Нехта меў чырвоныя шалікі або значкі. Тым, у каго нічога не было, прадстаўнікі партыі раздавалі святочную атрыбутыку. Праўда, па сканчэнні мітынга папрасілі ўсё вярнуць.

[irp posts="38 921″ name="Гродна адзначае 100-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі"]

«Моладзь не зацікаўлена ў такім свяце»

Міраслаў з Вроцлава, які прыехаў у Гродна па бязвізавым рэжыме, на плошчы апынуўся выпадкова, калі ішоў па карце на вуліцу Савецкую. Убачыўшы мітынг ля помніка Леніну, паляк спыніўся і дастаў тэлефон, каб засняць людзей з чырвонымі сцягамі.

«Горад цікавы, але я вельмі здзіўлены, што ўбачыў святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі, — распавядае Міраслаў. — У нас у Польшчы даўно такога няма. Гэта, мабыць, такая беларуская традыцыя.

Я сёння ішоў па вуліцы Леніна, убачыў тату-салон і зразумеў, што тут яшчэ не ўсё страчана. А на плошчы на ​​мітынг сабраліся ў асноўным пенсіянеры і гэта таксама добра: значыць моладзь не зацікаўлена ў такім свяце".

Сёння толькі Беларусь і непрызнанае Прыднястроўе застаюцца краінамі, якія адзначаюць на дзяржаўным узроўні Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта свята доўга адзначаў таксама Кыргызстан, але сёлета яго замянілі Днём гісторыі і памяці продкаў.

«Я ганаруся, што нашы землі былі калісьці часткай СССР»

Моладзі на мітынгу ў Гродне было мала, а калі і была, то прадстаўляла БРСМ. Сярод дзясятка маладых гродзенцаў быў Дзмітрый, які ганарліва размахваў сцягам СССР. Зараз хлопец — член БРСМ, але ўжо абдумвае перспектывы ўступлення ў камуністычную партыю Беларусі. Бацькі хлопца падтрымліваюць яго, але на мітынг ісці не рэкамендавалі.

"Жывем той краінай, якую развалілі". Святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сучасным Гродне
Дзмiтрый, член БРСМ. Прыйшоў падтрымаць камуністаў у 100-годзе Кастрычнiцкай равалюцыi

«Я яшчэ малады, у мяне ўсё наперадзе, але, на мой погляд, СССР гэта адно з лепшых утварэнняў, куды ўваходзіла Беларусь у сваёй гісторыі. Вядома, можам ўспомніць і ВКЛ, але сёння Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта 100 гадоў таму яна і паклала пачатак вялікай краіне.

Я ганаруся, што нашы землі былі калісьці часткай СССР і мы дабіліся вялікіх поспехаў. Але ў адзін момант усё страцілі. Сёння складана сказаць, ці ёсць будучыня ў камуністаў, але калі ўзяцца з розумам, то нешта прыдумаць можна, але не ў Беларусі, а дзесьцi ў Расіі, дзе ёсць грошы і рэсурсы".

У Расіі, якая з’яўляецца галоўнай пераемніцай СССР, 7 лістапада не адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Замест яго з 2005 года адзначаецца 4 лістапада як Дзень народнага адзінства.

«Жывем той краінай, якую развалілі»

Недалёка ад маладога актывіста БРСМ стаяў гродзенскі выкладчык і паэт Пётр Сямінскі, які на працягу некалькіх год 7 лістапада выступае на мітынгу на плошчы Леніна і чытае свае творы. Выкладчык не баіцца гучных выказванняў у адрас краін НАТО, якія развалілі яго любімую краіну.

"Жывем той краінай, якую развалілі". Святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сучасным Гродне
Пётр Сямiнскi ад прадстаўнікоў камуністычнай партыі атрымлівае юбілейны медаль

«Выступ перад людзьмі гэта для мяне настальгія. На плошчу людзі прыходзяць толькі да даты 7 лістапада. Я, як і тыя 90-гадовыя людзі на плошчы, жывем той краінай, якую развалілі. Можа нельга так казаць, але маё жыццё скончылася ў 1991 годзе. Я жыў у СССР і верыў у тое, што казалі людзі таго часу. Зараз я ведаю, пра што кажу ў сваіх вершах і не баюся гучных выказванняў у адрас Амерыкі. На жаль, сёння ў нашых камуністаў няма будучыні, бо ў нашых шэрагах толькі пенсіянеры якім па 90 гадоў. Адрадзіць Саюз ужо немагчыма будзе, гэта нешта з разраду фантастыкі».

Мітынг доўжыўся каля гадзіны. Лепшым партыйцам выдалі юбілейныя медалі. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак ля помніка правадыру сусветнага пралетарыяту.

"Жывем той краінай, якую развалілі". Святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сучасным Гродне
"Жывем той краінай, якую развалілі". Святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сучасным Гродне
"Жывем той краінай, якую развалілі". Святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сучасным Гродне