Існуе версія, што твар аднаго са сфінксаў на браме Новага замка стварылі падобным да каралевы Боны
Пра жанчын, што пакінулі значны след у гісторыі горада і змянілі яго аблічча, расказалі на экскурсіі «Гародня — яна мая». Экскурсію 28 верасня правёў гродзенскі гісторык Сяргей Герман. Гэты шпацыр стаў канцэптуальным працягам выставы пра гродзенак-сучасніц, якія змяняюць грамадства і ламаюць стэрэатыпы. Так які ж ён, жаночы твар Гродна?
Летам гэтага года гродзенцы стварылі петыцыю, каб ушанаваць Бону Сфорца больш выразна — паставіць помнік або ўсталяваць мемарыяльную шыльду. Гарадскія ўлады адказалі, што ўнеслі каралеву ў спіс тых, каго варта ўшанаваць, але грошай на помнік ці нават шыльду пакуль няма.
Ганна Ягелонка (1523—1596) паўплывала на наш горад ускосна, але істотна. Дачка Жыгімонта Старога і Боны Сфорца, ва ўзросце 52 гадоў яна стала жонкай Стэфана Баторыя. Так ён стаў каралём. Паводле адной з версій, ён не жадаў жыць са сваёй не надта прывабнай каралевай і з’ехаў з Кракава ў Гродна, каб кіраваць адсюль. Горад стаў яго рэзідэнцыяй і неафіцыйнай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Тэафілія Бароўская (Юзафовіч) нарадзілася ў 1826 (або 1828) годзе ў Гродне. Дзяўчынка рана страціла бацькоў, і ёй апекаваўся старэйшы брат. Ён і пачаў вучыць яе граць на скрыпцы. Ва ўзросце сямі год яна ўжо давала першыя публічныя канцэрты, і водгукі былі вельмі хвалебнымі, у 13 яна скарыла Пецярбург, выступала ў Гродне, Варшаве, Вільні, Мінску. Пазней яе сталі называць «Паганіні ў спадніцы». Калі яна выйшла замуж, усе чакалі, што яна, жанчына, народзіць і скончыць музычную кар’еру, але Тэафілія працягнула выступаць і была вельмі знакамітай.
Калі распалася Рэч Паспалітая, яна пабачыла, як мужыкі прапіваюць тэатр. Тады Дэшнер узяла за яго адказнасць на сябе і стала яго кіраўнічкай. Калі ў Гродзенскую губерню прыехаў Аляксандр І, ён пабачыў яе працу, яе намаганні, і даў ёй свой афіцыйны дазвол на кіраўніцтва. У 1803 годзе яна перацягнула сюды даволі моцную трупу з Беластока, частку былой трупы Тызенгаўза з Паставаў. Тэатр стаў развівацца і меў багаты рэпертуар, таксама ў ім дэбютавалі многія вядомыя акторы. Сярод актораў, якіх яна сабрала, адсоткаў 70 было жанчын. Такім чынам, дзякуючы ёй, гродзенскі тэатр захаваўся. Яна валодала тэатрам і трупай з 1802 па 1806 год, кіравала бы і далей, але памерла. Яе пахавалі ў Гродне. Ніякай шыльды, прысвечанай ёй, няма.
У доме Зоф'і Налкоўскай на Акадэмічнай цяпер размяшчаецца кальянны бар Reactor, які не надта добра прынялі мясцовыя жыхары. На доме, якраз каля ўвахода ў бар, вісіць памятная шыльда — адна з нешматлікіх у Гродне, прысвечаных жанчынам.
Гэта адна з самых знакамітых польскіх пісьменніц першай паловы 20 стагоддзя, кіраўнічка Польскага ПЭН-цэнтру, уладальніца літаратурных прэмій. Яна была замужам двойчы, другі яе муж быў паплечнікам Пілсудскага, з якім і яна вельмі добра кантактавала і выкарыстоўвала гэтую сувязь.
У 1922 годзе яны з мужам пераехалі ў Гродна, дзе пражылі да 1927 года. Муж быў тыранічным: намагаўся яе кантраляваць, чытаў яе дзённікі; у 1929 годзе яны развяліся. Тут ён быў шэфам павятовай жандармерыі. Яна ж вяла вельмі вольнае жыццё. У Гродне, акрамя літаратурнай дзейнасці, яна апекавалася вязнямі, большасць з якіх у той час былі беларусамі і камуністамі, змагалася за тое, каб палепшыць іх жыццё ў гродзенскай турме. Змагалася за правы жанчын, дапамагала сваім сяброўкам.
Эліза Ажэшка (Альжбэта Паўлоўская, 1841−1910) — хіба самая вядомая жанчына Гродна. Яна нарадзілася ў Мількаўшчыне ля Скідзеля.
Яе першы шлюб быў хутчэй па разліку бацькоў. У маёнтку мужа яна хавала аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863−1864 гадоў Рамуальда Траўгута, хоць муж і быў супраць. За гэтую сувязь з паўстаннем, у якім ён не браў удзелу, Пятра Ажэшку выслалі ў Сібір, а Эліза вярнулася да бацькоў. Праз два гады муж вярнуўся, але яна ўжо пачала працэдуру разводу, на той час вельмі складаную — праз Ватыкан — і дарагую. Каб развесціся, ёй давялося прадаць частку маёнтку, але ўсё атрымалася. Пасля разводу яна захоўвае прозвішча мужа і называецца ўжо скарочаным імем — Эліза.
Цяпер яе называюць першай беларускай феміністкай, хоць насамрэч цяжка дакладна сказаць, наколькі яна змагалася за правы жанчын. Яна мела праблемы з уладай, і каб пакінуць горад, штораз мусіла пісаць прашэнне да губернатара, а каб выехаць за межы Гродзенскай губерніі - пісаць у Пецярбург да імператара.
Натуральна, Ажэшка не мела столькі грошай, каб адбудаваць горад пасля пажару ў 1885 годзе. Але менавіта дзякуючы шматлікім дабрачынным балам, якія яна ладзіла, і зборам сродкаў, гэты горад паўстаў з попелу.
Эліза Ажэшка — самая ўшанаваная жанчына ў Гродне. Вуліцу яе імем назвалі ў 1920 годзе, у міжваенны час у яе гонар перайменавалі гімназію, тэатр, паставілі помнік.
Гэтыя асобы — далёка не ўсе з тых жанчын, якія захоўвалі і стваралі наш горад.
У 1939 годзе ў спісах на высылку большасць былі жанчыны: мужчын, як галоўных у сям'і, забівалі на месцы. А жанчыны з’ехалі ў Сібір і вярнуліся, каб аднаўляць Гродна. «Толькі жанчыны маглі такое перажыць і вярнуцца», — мяркуе экскурсавод.
«Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем. Гэтак жа, як і мужчынскі. Гародня ўнікальная тым, што ў беларускай мове мае некалькі варыянтаў назвы: Гародня граматычна жаночага роду, Гродна — ніякага, як і па-руску, а вось мужчынскага роду няма».
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…