Больш за мільён праглядаў за першыя тры дні сабраў фільм «Беларусь: Страна КГБ и колхозов». Гэта адзін з 15 сюжэтаў пра былыя рэспублікі Савецкага саюза. Шэраг фільмаў задумаў зрабіць для свайго YouTube-канала расійскі ўрбаніст і блогер Ілля Варламаў. Беларускі выпуск здымаў журналіст Алесь Залеўскі. Чаму, сышоўшы ў прадзюсары, ізноў вярнуўся ў журналістыку, як здымаць дакументальнае кіно ў час дыктатуры і ці ёсць жыццё пасля фільма, ён распавёў для Hrodna.life.

«Ужо зараз — больш за 11 000 каментароў», — расказвае Алесь пра сустрэчу фільма гледачамі. Прадказаць такую цікавасць да фільма заранёў было складана. Праект скіраваны найперш для гледачоў з Расіі, а гэта незнаёмая для Залеўскага аўдыторыя. «Наўпрост сказаў [Варламаву], што буду рабіць па-свойму. На тую аўдыторыю, каторую я ведаю».

Алесь Залеўскі разам з Іллём Варламавым зрабілі кіно пра Беларусь. Там ёсць калгасы, КДБ, Чарнобыль, Мідоўг і нават Шушкевіч з Ціханоўскай
Ілля Варламаў. Скрын з фільма. «Варламаў у Афганістан ездзіў, а ў Беларусь не рызыкнуў. Гэта паказчык», — каментавалі гледачы

Амаль два гады таму Алесь Залеўскі сышоў з тэлежурналістыкі. Кажа, захацелася новых ведаў і новага досведу. За гэты час ён прайшоў навучанне ў галіне ІТ-менеджменту, а таксама спрабаваў сябе як прадзюсар дакументальнаго кіно. «Міжнародныя каманды, розныя рэжысёры, розныя аператары, часта — з сусветна вядомымі імёнамі - мне гэта вельмі падабаецца. Думаў, спакойна папрацую так некалькі гадоў».

Журналістыка паклікала наноў

Матывацыяй вярнуцца, па словах Алеся, стала магчымасць зафіксаваць гэты час. «Зразумеў: усё, што я планаваў і думаў адносна жыцця нашай сям'і і падзеяў у Беларусі - ўсё будзе інакш. Для жыцця, для самарэалізацыі і задавальнення свайго творчага эга [было дастаткова магчымасцяў], мог бы не ўлазіць, і мне б добра жылося. Нават пасля жніўня».

Выбар, па словах Залеўскага, быў паміж проста чакаць непазбежных зменаў і тым, каб увайсці ў працэс і лепш арыентавацца.

Алесь Залеўскі разам з Іллём Варламавым зрабілі кіно пра Беларусь. Там ёсць калгасы, КДБ, Чарнобыль, Мідоўг і нават Шушкевіч з Ціханоўскай
Алесь Залеўскі. Скрын з фільма

«Гэтыя падзеі вярнулі мяне ў журналістыку. А потым, калі многія калегі альбо з’ехалі, альбо селі, стала зразумела — зараз любы кантэнт, каторы ты робіш у Беларусі - каштоўнасць. Гэта вельмі важны для разумення часу і для будучыні Беларусі дакументальны матэрыял. Зараз людзі не ўсё, што думаюць, могуць казаць. У іх трывога на тварах. Гэта таксама фіксацыя часу — таго, як праяўляецца самацэнзура, што значыць жыць у дыктатуры, цяпер ужо ў рэальнай. Таксама было ўсведамленне, што гэта [магчымасць] хутка можа скончыцца. То пакуль можаш — рабі-рабі-рабі».

Хто такія беларусы

Адзінае «тэхнічнае заданне» ад Варламава было ў тым, каб паказаць жыццё за 30 гадоў пасля развалу Саюза. Залеўскі прапанаваў сваю канцэпцыю. «Пачаўшы працаваць над сцэнаром, зразумеў, што не хачу здымаць пра 30 год. Бо гэтыя 30 год — адно імя, і мы ўсе яго ведаем. Проста розныя стадыі эвалюцыі гэтага імені і ўплыву яго на нашу краіну. Насамрэч, жыццё нейкае і падзеі пачаліся толькі цяпер. Не тое, што раней не было. Але зараз праявілася, наспела усё, што збіралася ад 1991 года. Народ праявіўся вось цяпер. Стала зразумела, што мы пачынаем новы этап, што вось гэта — пачатак».

Алесь Залеўскі разам з Іллём Варламавым зрабілі кіно пра Беларусь. Там ёсць калгасы, КДБ, Чарнобыль, Мідоўг і нават Шушкевіч з Ціханоўскай
Скрын з фільма Алеся Залеўскага. «Хацелася і Палессе зняць, і Полацак, але ўсе у адзін фільм не памясцілася б», — кажа Залеўскі. Каментатары таксама пішуць, што патрэбен працяг

Залеўскі прапанаваў азірнуцца нашмат далей, чым 30 гадоў, і расказаць аўдыторыі Варламава, хто такія беларусы. «Фільм — добрая магчымасць задацца гэтым пытаннем. Добрая нагода для расіян і саміх беларусаў асэнсаваць нашу гісторыю ў кантэксце сучасных падзей, паглядзець з вышыні гістарычнай перспектывы».

З першага дубля

Фільм працягласцю ў паўтары гадзіны знялі за сем дзён. У ім каля дзясятка герояў. Частка здымкаў была запланавана. У іншых эпізодах — раней не знаёмыя журналістам выпадковыя людзі: мясцовыя жыхары ці турысты.

На здымкі фільма ў паўтары гадзіны група мела толькі сем дзён. Кожны дзень — новы герой і новая лакацыя. «Усё здымалі з першага дубля і ўсё, што адзнялі, увайшло ў фільм. У шклоўскім раёне прыпыніліся запісаць стэндап [частка фільма, дзе ў кадры гаворыць журналіст — заўв. Hrodna.life], а за маімі плячамі праходзіла жанчына, даярка. Павярнуўся, зрабіў інтэрвью з ёй і далей паехалі. Так гэта ўсё адбывалася».

Алесь Залеўскі разам з Іллём Варламавым зрабілі кіно пра Беларусь. Там ёсць калгасы, КДБ, Чарнобыль, Мідоўг і нават Шушкевіч з Ціханоўскай
Скрын з фільма. Інтэрв'ю з жыхаркай Шклоўскага раёна

«Магчыма, частка аўдыторыі будзе расчаравана, — мяркуе Алесь Залеўскі. — Бо ў фільме чакалі Варламава і ўрбаністыку, а тут мы ізноў зацягнулі наша „Туман ярам“ і „Купалінку“ — адвечную песню сваю. Але мы такія, значыць. Удзячны Варламаву і яго камандзе, што прыняллі нашу канцэпцыю з павагай, хоць і разумелі, што не зусім іх фармат».

Усё тваё. Усё назаўсёды

Фільм «Беларусь: Страна КГБ и колхозов» апублікавалі на канале Іллі Варламава 6 кастрычніка. На момант гэтай публікацыі ён набраў 1 312 931 прагляд і 12 707 каментароў. «Важныя ахопы, розгалас, дыскусія — тады сэнс будзе», — кажа пра гэта Алесь. Прызнаецца, што да поспеху не рыхтаваўся. «Ніколі не ведаеш, што выбухне. Ведаеш толькі, што маеш увесь час працаваць. Першае правіла ў прафесіі [журналіста] - рабіць усё, што можаш. Час і аўдыторыя самі ацэняць і раставяць па сваіх месцах».

Ці ёсць жыццё пасля фільма

Здымаць дакументальнае кіно у цёмныя часы дыктатуры — выклік не толькі для журналістаў. Праз іх працу блізкія таксама робяцца вельмі ўразлівымі. «Выхад фільма — сам па сабе стрэс. Тым больш, што ўвесь год і асабліва апошнія месяцы цяжка ўсім нам даліся. Ішла траўля сям'і. Побач увесь час некага забіралі. Поўная нявызначанасць і невядомасць, — узгадвае Залеўскі. — З іншага боку разумею, што многія з калегаў больш увогуле не маюць магчымасці працаваць. То, што ты зробіш зараз — усё тваё, усё назаўсёды».

Наконт магчымасці «жыцця пасля фільма» Алесь кажа — гэта пытанне. «Працягваецца ціск і рэпрэсіі. Невядома, ці можна будзе надалей працаваць у Беларусі. Гэта канешне шкадоба. Бо хацелася б дабыць да канца».