Палітычныя рэпрэсіі трымаюць грамадства ў напружанні і прыводзяць да дэфіцыту даверу да ўладаў. Дзяржсектар дэградуе і не стварае працоўныя месцы ў рэгіёнах. Беларусы адзначаюць рост коштаў і баяцца крызісу, які прагназуецца, — яны рыхтуюцца з’язджаць з краіны. Пра гэта распавялі падчас прэзентацыі вынікаў новага даследавання Цэнтру новых ідэй.

Прадставілі даследаванне супрацоўнікі Цэнтра: Рыгор Астапеня (дырэктар па даследаваннях), Генадзь Коршунаў (сацыёлаг, старэйшы аналітык) і Антон Раднянкоў (дырэктар).

Даследаванне каманда праводзіла летам 2021 года. Яно складалася з некалькіх частак. У апытанні прынялі ўдзел 5685 чалавек: 48% - жыхары Мінска, па 18% - абласныя і раённыя цэнтры, па 9% - вёскі і пасёлкі. Асноўная аўдыторыя — ад 31 да 50 гадоў. Больш за 77% апытаных — з вышэйшай адукацыяй.

Трывога ў рэгіёнах будзе расці

Палітычны крызіс з’яўляецца асноўнай праблемай для апытаных. У першую чаргу ён выкліканы палітычнымі рэпрэсіямі, недаверам да ўлады, непакоем за сваю бяспеку, распавёў Антон Раднянкоў. Пры гэтым палітычны пераслед галоўнай праблемай лічаць 83% жыхароў сталіцы і толькі 49% жыхароў рэгіёнаў.

«Гэта паказвае, наколькі адрозніваецца ўзровень рэпрэсіяў у Мінску і рэгіёнах. Але нам здаецца, што рэпрэсіі пашыраюцца. Апытанне праводзілася ў канцы чэрвеня. Апошні месяц мы бачылі рэпрэсіі ў адносінах да работнікам заводаў з розных гарадоў. Цалкам магчыма, што гэтыя паказчыкі будуць набліжацца, і ў рэгіёнах будзе ўзрастаць трывога, звязаная з рэпрэсіямі», — мяркуе Антон Раднянкоў.

Праблема даверу да міліцыі апынулася на другім месцы. Больш востра гэтая праблема стаіць у жыхароў Мінска (52% пры 32% у рэгіёнах). А праблема даверу органам улады практычна аднолькава характэрная для сталіцы і правінцыі (33% і 32%).

Чым меншы горад, тым меншыя рэпрэсіі?

92% апытаных у сталіцы лічыць, што ўлады рэпрэсуюць нязгодных «вельмі моцна». Пры гэтым чым меншы горад, тым менш людзей з такім меркаваннем. Адрозненні ж паміж абласцямі Беларусі неістотныя. «Больш карэляцыі праходзіць паміж памерамі гарадоў, чым паміж абласцямі», — распавёў Раднянкоў.

исследование, Центр новых идей, белорусские регионы
Даследаванне «Цэнтра новых ідэй». Крыніца: newbelarus. vision

«Вельмі небяспечны фактар — тое, што рэпрэсіі падрываюць давер да ўладаў. Улады менш хочуць разумець грамадства, ісці на кантакт з грамадствам. Тая ж сітуацыя і з боку грамадства. Гэта стварае два паралельных светы: улада і грамадства разумее адзін аднаго досыць дрэнна», — лічыць Раднянкоў. Гэта пацвярджаюць дадзеныя апытання: чым вышэй рэпрэсіі, тым ніжэй узровень даверу.

Недавер да ўладаў выклікае адчуванне прысутнасці карупцыі. Больш за палову апытаных незалежна ад тыпу гарадоў пазначылі, што, па іх думку, у Беларусі высокі ўзровень карупцыі. На думку 72% апытаных, карупцыя адбываецца ў мясцовых органах улады.

Пасля палітычнай эміграцыі наступіць эканамічная

Другі блок праблем звязаны з «эканамічнай дэпрэсіяй». Пасля крызісу 2016 года ўзмацніўся разрыў паміж Мінскам і рэгіёнамі. Аднолькава і Мінск, і рэгіёны турбуюць высокія цэны. Ад’езд мясцовых жыхароў турбуе 20% апытаных у Мінску і 11% - у рэгіёнах. А вось складанасці з пошукам працы турбуюць толькі 4% мінчукоў і аж 20% апытаных у абласцях. Тое, што працу знайсці складана, прызналі 76% апытаных у маленькіх гарадах, 63% - у вобласці і 26% - у Менску. Прычынай гэтага, на думку Раднянкова, з’яўляецца дэградацыя дзяржпрадпрыемстваў і бюджэтнага сектара, дзе ў асноўным працуюць жыхары рэгіёнаў. Па выніках апытання стала ясна, што як з Мінска, як і з абласных гарадоў людзі сталі часцей выязджаць на заробкі.

«Апошняя хваля міграцыі, якую мы бачым, больш звязаная з палітычнай сітуацыяй у краіне. Але калі ў пачатку наступнага года наступіць эканамічны крызіс, які прадказваюць эканамісты, то ўслед за хваляй палітычнай эміграцыі мы ўбачым і хвалю эканамічнай», — лічыць эксперт.

исследование, Центр новых идей, белорусские регионы
Даследаванне «Цэнтра новых ідэй». Крыніца: newbelarus. vision

Сітуацыя з сацыяльнай сферай ў рэгіёнах будзе пагаршацца

Беларусь усё менш падобная на сацыяльна-арыентаваную дзяржаву, зрабілі выснову эксперты. Якасць медыцынскі паслуг і дарог хвалюе прыкладна 20% жыхароў рэгіёнаў. У Мінску гэтыя праблемы турбуюць 5−11%. Пры крызісе сітуацыя з сацыяльнай сферай у рэгіёнах будзе толькі пагаршацца з-за недахопу сродкаў і кваліфікаваных кадраў.

Што тычыцца экалогіі, беларусы ўспрымаюць яе як менш «хваравітую» праблему. Але каля паловы беларусаў незалежна ад тыпу гарадоў лічаць, што сітуацыя ў краіне дрэнная. Хвалююць людзей выкіды прамысловых прадпрыемстваў, выхлапныя газы ад аўтамабіляў, высечка дрэў, звалкі і смецце, сцёкавыя воды і забруджванне вадаёмаў. Варта адзначыць, што ў некаторых рэгіёнах былі кампаніі гарадскіх актывістаў супраць экалагічных праблем, якія не знайшлі водгуку ва ўладзе.

Як ўлада разбурае дзяржаву

«Па ўсіх напрамках сітуацыя пагаршаецца або мае клубок невырашальных праблем. Палітычны крызіс праблемы толькі ўзмацніў. Разрыў паміж Мінскам, які працягваецца заставацца эканамічным драйверам краіны, і рэгіёнамі будзе толькі расці. Тыя беларусы, якія не гатовыя з’язджаць з Беларусі, паедуць у Мінск. Таму што ён можа даваць працоўныя месцы, высокі ўзровень заробку. Але праблема доўгатэрміновая — беларусы будуць становіцца ўсё больш незадаволеныя жыццём у краіне. Гэтыя эканамічныя і сацыяльныя няўдачы дзяржавы таксама будуць аказваць палітычны ціск. У напружанні грамадства будзе знаходзіцца доўга. Таму што беларускія ўлады не могуць даць грамадству росквіт, стабільнасць, спакой — тое, чаго людзі хочуць. І гэтая праблема ў тым ліку будзе зацягваць крызіс, у якім Беларусь знаходзіцца ўжо больш за год», — распавёў Антон Раднянкоў. Хуткіх рашэнняў праблем няма.

«Што тычыцца даверу, мы як краіна, як дзяржава маем велізарную праблему. Давер да дзяржаўных інстытутаў — ад Цэнтрвыбаркама да парламента, прэзідэнта, міліцыі — 15−20%. Гэта катастрофа дзяржавы. < > Раскол не ўнутры грамадства, раскол паміж уладай і грамадствам. Другі момант — можна казаць, што ўлада робіць усё, каб разбурыць дзяржаву. Любы сацыяльны інстытут мае выразную грамадскую функцыю — лячыць, вучыць, пажары тушыць. Цяпер функцыя „наглядаць і караць“ у інстытутаў становіцца дамінуючай. Атрымліваецца, што дзяржава руйнуецца з двух бакоў», — пракаментаваў Генадзь Коршунаў.

Адрозненні паміж абласцямі

Што тычыцца адрозненняў па асобных абласцях і гарадах, яны нязначныя. Напрыклад, у Брэсце анамальна шмат для абласнога цэнтра палітвязняў праз «карагодную справу». Пратэстныя настроі там пачаліся яшчэ да выбараў-2020 з кампаніі супраць акумулятарнага завода. У Гомелі «Чарнобыльская» сітуацыя станоўча паўплывала на стаўленне да людзей у пагонах, якія шмат дапамагалі пасля аварыі. Што тычыцца Гродна, то раней лічылася, што гэта адзіны горад, жыхары якога не ставілі сабе мэтай з’ехаць у Мінск.

На стаўленне да ўладаў паўплывалі і дзеянні кіраўнікоў абласных УУС: у Брэсце пратэсты жорстка ціснулі, а ў Гродне ледзь не здарыліся перамовы. Але розніца паміж рэгіёнамі не заўсёды прынцыповая і не аказвае ўплыў на вялікія працэсы.

Чытайце таксама: Гродно на втором месте в рейтинге лучших для жизни городов Беларуси

Даследаванне праводзілі ў рамках сумеснай дзейнасці Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Вілфрыда Мартэнса і беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра «Пабудова грамадзянскай супольнасці ў Беларусі». Эксперты даведаліся, як палітычны крызіс паўплываў на настроі ў беларускіх рэгіёнах, якія праблемы хвалююць беларусаў і наколькі праблемы Мінска адрозніваюцца ад астатняй краіны.

Рэгіянальнае развіццё з’яўляецца доўгатэрміновым прыярытэтам Цэнтра новых ідэй. Арганізацыя рабіла мерапрыемствы ў рэгіёнах, пакуль знаходзілася ў Беларусі і мела рэгістрацыю. Выходзіць Рэйтынг беларускіх гарадоў, які каманда плануе аднавіць ў гэтым годзе. Таксама арганізацыя стварыла падкаст «Глыбінны народ». А ў рамках адукацыйнай праграмы Belarus Urban Fellowship яны дапамагаюць маладым рэгіянальным лідэрам развіваць свае кампетэнцыі. «Усе гэтыя рэгіянальныя праграмы, наша зацікаўленасць рэгіёнамі - іх прычынай з’яўляецца павелічэнне дыспрапорцыі паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі, абласнымі цэнтрамі і маленькімі гарадамі і павелічэнне дыспрапорцыі паміж гарадамі Беларусі», — распавёў Рыгор Астапеня.