Участак за Палацам тэкстыльшчыкаў прадалі з аўкцыёну ў пачатку 2017 года для будаўніцтва там офіснага будынка. Інвестарамі выступіў літоўскі бок. Цяпер ідзе падрыхтоўка неабходных дакументаў, агулам жа да пачатку будаўніцтва можа прайсці нават некалькі гадоў. Для замежнага інвестара месца ў цэнтры горада ідэальнае, але гэтыя планы выклікаюць у гісторыкаў заклапочанасць.
Пры будаўніцтве працоўныя абавязкова натыкнуцца на цэлы квартал, які калісьці там існаваў. Без археалагічных раскопак ніяк не абысціся. Для археолагаў месца за Палацам тэкстыльшчыкаў - сапраўдны кландайк, дзе можна натрапіць на падмуркі пабудоў XVI стагоддзя. Пытанне ў тым, ці дадуць археолагам усё старанна вывучыць.
На думку гісторыка Андрэя Вашкевіча, сквер за тэкстыльшчыкамi гэта тая частка горада, якую трэба абавязкова вывучаць і дзе крытычна неабходна адбудаваць страчаную забудову.
«Я лічу, што для некалькіх месцаў у горадзе найбольш прымальны варыянт узвядзення новых дамоў у выглядзе максімальна прыбліжаным дa забудовы, што там раней існавала. Гэта раён піўзавода, абшар за сінагогай і сквер за палацам тэкстыльшчыкаў.
У апошнім месцы да 1960-х гг. знаходзіліся самыя цікавыя і старыя будынкі вуліцы Замкавай — напрыклад вядомы Дом Рыбака. Там трэба адбудоўваць менавіта квартал, каб закрыць Дом Быта, абазначыць трасіроўку Замкавай і часткова старой Кляшторнай вуліцы. Гэта важнейшая частка гістарычнай забудовы Гродна да якой павінен быць надзвычай сур’ёзны падыход".
Андрэй кажа, што любым работам у гэтым раёне павінны папярэднічаць сур’ёзныя археалагічныя раскопкі. Было б выдатна, каб праектанты падрабязна вывучылі гістарычную забудову квартала і стварылі праект максімальна набліжаны да яго гіcтарычнага выгляду. Праект трэба прадставіць на суд гараджан. Сам Вашкевіч бачыць гэта як некалькі аб’ёмаў, што паўтараюць абрысы знішчаных будынкаў квартала.
Восенню 2016 года пры замене цеплатрасы за Палацам тэкстыльшчыкаў будаўнікі натыкнуліся не толькі на падмуркі старых пабудоў, але і на старыя падвалы. Вывучаць, што трапілася iм, не было часу: будаўнікі ішлі згодна з графікам. Падчас работ за аб’ектам вёў археалагічны нагляд доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык.
Тады спецыяліст казаў, што, магчыма, будаўнікі натыкнуліся на падмуркі разбуранага Дома рыбака, а можа і якога-небудзь іншага дома. Піваварчык адзначыў, што «турбавацца гродзенцам ужо позна». Маўляў, трэба было гэта рабiць яшчэ тады, калі будавалі Дом быту і Палац тэкстыльшчыкаў.
Варта адзначыць, што восенню працоўныя капалі толькі ў раёне старога савецкага трубаправода, а не на тэрыторыі ўсяго разбуранага квартала, дзе зараз знаходзіцца вялікі газон.
У любым выпадку, без грунтоўных археалагічных раскопак будаўніцтва за Палацам тэкстыльшчыкаў пачынаць нельга. Такога меркавання прытрымліваецца і краязнаўца Ігар Лапеха.
«Там маса археалагічнага матэрыялу, які трэба старанна вывучаць. Гэты квартал быў разбураны адносна нядаўна, пры будаўніцтве Дома быту. Раней даследчыкі гэтыя дамы вывучылі, у прыватнасці Дом рыбака, які быў будынкам XVI стагоддзя. Гэты квартал быў адным з самых старых у Гродне, які пазбег разбурэнняў і рэканструкцый.
Зараз гэта пустое месца трэба чымсьці заняць, каб вуліца Замкавая была запоўненая па абодвух баках. Я б прапанаваў адбудаваць лінію першых будынкаў, якія раней існавалі. У мяне на макеце ёсць рэканструкцыя гэтага квартала. Адбудаваць можна так, як ён выглядаў у пачатку XVIII стагоддзя.
Але, я не думаю, што інвестар будзе будаваць нешта падобнае, хутчэй за ўсё будзе новабуд. Гэта кепска для старога горада. Наогул, вуліца Замкавая павінна быць пешаходнай, як і Савецкая».
Лапеха кажа, што гэты раён — разынка нашаго города, таму тут усё павінна быць звязана з гісторыяй.
Ужо ў красавіку 2017 на тэрыторыі сквера за Палацам тэкстыльшчыкаў гарадскія ўлады плануюць адкрыць блышыны рынак, дзе калекцыянеры змогуць прадаваць свае рэчы. Магчыма ён будзе існаваць тут да пачатку саміх будаўнічых работ. Калі тут будуць працаваць археолагі - яшчэ невядома.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…